У Мінздароўя патлумачылі розніцу між базавай і нацыянальнай акрэдытацыяй бальніц

У бальніцы, ілюстрацыйнае фота

У бальніцы, ілюстрацыйнае фота / pexels.com

Для ўстановаў аховы здароўя ў Беларусі ўводзіцца двухузроўневая сістэма акрэдытацыі — базавая і нацыянальная. Гэта прадугледжана зменамі ў закон аб ахове здароўя, якія набылі моц 2 лютага, паведамляе прэс-служба ведамства.

Напярэдадні паведамлялася, што арганізацыі аховы здароўя, якія з другой спробы не змогуць атрымаць медыцынскую акрэдытацыю, не атрымаюць на наступны фінансавы год бюджэтнае фінансавання.

У Мінздароўя тлумачаць, што базавая акрэдытацыя — гэта абавязковыя для ўсіх установаў базавыя крытэры. "Калі ўстанова не праходзіць па крытэрах базавай акрэдытацыі, то, адпаведна, спыняецца вылучэнне бюджэтнага фінансавання на наступны фінансавы год на аказанне неакрэдытаваных відаў медыцынскай дапамогі па адпаведных профілях захворванняў, станах, сіндромах", — кажа намеснік міністра Юрый Горбіч.

Пасведчанне базавай акрэдытацыі будзе выдавацца на тры гады. Калі медустанова не зможа прайсці такую акрэдытацыю з першага раза, яна можа зрабіць другую спробу на працягу паўгода, выправіўшы недахопы. Пасля другой няўдалай спробы ўстанову могуць пазбавіць бюджэтнага фінансавання.

Нацыянальная акрэдытацыя — гэта іншы ўзровень, яна пацвярджае высокую якасць медыцынскіх паслуг.

"У выпадку, калі прадастаўляецца якасная дапамога, установа можа атрымаць пэўныя бонусы. Напрыклад, больш высокі ўзровень абсталявання, колькасць стажыровак, узровень накіраваных у арганізацыю спецыялістаў і іншае. Прасцей кажучы, калі галоўны лекар хоча развіць арганізацыю, ён мае права падацца на нацыянальную сістэму акрэдытацыі і ў выпадку яе праходжання атрымаць дадатковыя бонусы", — тлумачыць Юрый Горбіч новую сістэму медыцынскай акрэдытацыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі