У МЗС Беларусі з-за справы "Бурага" выклікалі амбасадара Польшчы

У МЗС Беларусі з-за справы "Бурага" выклікалі амбасадара Польшчы

У МЗС Беларусі выклікалі амбасадара Польшчы для дачы тлумачэнняў па справе аб рэабілітацыі камандзіра атрада польскага антыкамуністычнага падполля Рамуальда Райса ("Бурага"), які ў пачатку 1946 года паліў беларускія вёскі на Падляшшы і забіваў іх жыхароў. У 2005 годзе следчыя Інстытута нацыянальнай памяці ў Польшчы прыйшлі да высновы, што дзеянні "Бурага" "мелі прыкметы генацыду" ў дачыненні да праваслаўных беларусаў. Цяпер жа гэтая пазіцыя ўстановы названая "хібнаю", Райса апраўдалі.

Начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі МЗС Беларусі Анатоль Глаз назваў "Бурага" "злачынцам", які "асабіста аддаваў загад і ўдзельнічаў у забойстве мірных жыхароў беларускіх вёсак на Падляшшы". І рэабілітацыя яго проста немагчымая, тым больш, што польскія навукоўцы сабралі "дастаткова доказаў яго злачынстваў". І высновы камісіі ў 2005-м былі зроблены "на аснове фактаў, а не тэарэтычных разважанняў", адзначае Глаз.

"Трэба мець сталасць і смеласць, каб гэта прызнаць, — кажа прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства. — Нашу асаблівую заклапочанасць выклікаў адкрыты цынізм асобных польскіх "даследчыкаў"... У яго апраўданне яны канстатуюць, што "Буры" меў магчымасць "спаліць не пяць, а значна больш беларускіх вёсак у павеце Бельск-Падляшскі".

МЗС Беларусі чакае ад уладаў Польшчы публічных афіцыйных каментароў па справе "Бурага". Мінск чакае ад Варшавы адказу, "ці з'яўляецца такая ацэнка дзеянняў "Бурага" афіцыйным пунктам гледжання і наколькі гэта суадносіцца з крокамі па выбудоўванні дыялогу, у тым ліку гістарычнага, якія былі зроблены бакамі ў апошні час".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі