У Оршы і Брэсце прайшлі суды над удзельнікамі акцый пратэсту
13 сакавіка ў Оршы судзілі ўдзельнікаў "маршу недармаедаў", які ў нядзелю прайшоў у горадзе і сабраў каля тысячы чалавек. Учора былі затрыманыя палітык Павел Севярынец, Кацярына Бахвалава з "Белсату" і іншыя. Больш падрабязна гл. тут.
Віктара Андрэева за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі асудзілі на 13 сутак адміністрацыйнага арышту. Віктара Міхасёва аштрафавалі на 690 рублёў, інфармуе svaboda.org.
Журналістку Радыё "Свабода" Галіну Абакунчык аштрафавалі на 575 рублёў (25 базавых велічыняў). Яе прызналі вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсці — вулічнай акцыі, якую яна асвятляла.
Суд прызначыў Васілю Берасневу 14 сутак арышту. Андрэя Юркова, які прыехаў на аршанскую акцыю з Горак, асудзілі на двое сутак арышту.
Кацярыну Бахвалаву аштрафавалі на 690 рублёў (30 базавых велічыняў). Журналістку прызналі вінаватай у парушэнні заканадаўства аб СМІ (штраф 25 базавых) і непадпарадкаванні патрабаванням міліцыі (штраф 5 базавых).
Паўла Севярынца за ўдзел у аршанскай акцыі "недармаедаў" асудзілі на 15 сутак.
Студэнт з Брэста Канстанцін Копаць за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі асуджаны на 15 сутак арышту. Каардынатар кампаніі "Гавары праўду" Даніл Палянскі аштрафаваны на 230 рублёў (10 базавых велічыняў) за ўдзел у "Маршы недармаедаў", які прайшоў у Брэсце 26 лютага.
Брэстаўчане Андрэй Дзенюшкін, Руслан Халікаў і Дзмітрый Ляўчук паўторна асуджаныя на 5 сутак за брыдкаслоўе. Паводле пратаколу, хлопцы нібыта пачалі лаяцца, калі выходзілі з папярэдняй пяцісутачнай адседкі за "Марш недармаедаў", які прайшоў 5 сакавіка.