У памежнай ахове Латвіі пракаментавалі смерці мігрантаў на мяжы з Беларуссю
Плот на латвійска-беларускай мяжы
Целы мігрантаў, якія ў пятніцу забралі з беларуска-латвійскай мяжы беларускія памежнікі, былі падкінутыя. Пра гэта піша Delfi co спасылкай на Дзяржаўную памежную ахову Латвіі. У памежнай ахове расказалі, што "27 кастрычніка латвійскія памежнікі ля дзяржаўнай мяжы на беларускім баку заўважылі групу людзей, якія пераносілі цела на самаробных насілках". На месца выехаў памежны нарад. Затым латвійскія памежнікі ўбачылі, што "да латвійскай мяжы нясуць чалавека і пакідаюць яго ляжаць на зямлі, а побач з ім кладуць яшчэ аднаго без прыкметаў жыцця".
Праз некаторы час на месца прыбылі беларускія памежнікі і прыбралі целы, а ў сацсетках Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі з'явілася паведамленне аб выяўленні целаў бежанцаў "у непасрэднай блізкасці ад водапропуску ў латвійскай загародзе". У паведамленні таксама гаварылася, што "стаўленне латвійскіх вайскоўцаў да бежанцаў становіцца не проста жорсткім, а ператвараецца ў форму садызму".
Між тым у Памежнай ахове Латвіі кажуць, што яны "былі гатовыя рэагаваць", і ў мінулым памежнікам ужо даводзілася выклікаць медыкаў, каб аказаць першую дапамогу мігрантам. Гэтыя людзі часта знясіленыя і абмарожаныя, і выратаваць іх атрымоўваецца не заўсёды.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.