У перапісе прыняло ўдзел 2,6 мільёна беларусаў
У перапісе насельніцтва прыняло ўдзел 2 мільёны 613,8 тысячы беларусаў. Такія звесткі публікуе Белстат 13 кастрычніка станам на 10:00. Пры гэтым крыху больш за 1 мільён чалавек прайшлі апытанне праз інтэрнэт — гэта 38,3% ад усіх удзельнікаў акцыі.
Найбольш актыўна перапіс рухаецца ў Мінскай вобласці — 516,3 тысячы, найменш актыўна ў Магілёўскай вобласці — 248,2 тысячы.
Перапіс насельніцтва адбываецца з 4 па 30 кастрычніка. Такое апытанне ладзяць раз на 10 гадоў. Папярэдні перапіс праходзіў увосень 2009 года.
Сёлета беларусам прапануюць адказаць на 49 пытанняў, якія тычацца іх сямейнага статусу, прыбыткаў, маёмасці і мовы, на якой яны размаўляюць дома.