У Польшчы асудзілі замежніка, які збіў беларусаў
У Польшчы збілі беларускую пару, калаж
Ва Уроцлаве ўкраінца, які напаў на беларусаў, асудзілі на два гады ўмоўна. Таксама ён павінен выплаціць пацярпелым дзве тысячы злотых кампенсацыі, піша MOST.
Інцыдэнт адбыўся ў чэрвені 2023 года ва Уроцлаве. Пётр і Каця стаялі ў аўтамабільным заторы на "Жыгулях" з беларускімі нумарамі. Раптам на іх напаў мужчына — плюнуў у акно і стаў збіваць. Пара абаранялася, на дапамогу беларусам прыйшлі іншыя кіроўцы. Пацярпелыя выклікалі паліцыю — і мужчыну затрымалі.
Выявілася, што гэта грамадзянін Украіны, які каля дзевяці гадоў жыве ў Польшчы. Двое сутак ён правёў у ізалятары, пасля чаго яго адпусцілі да суда.
Пракурор прасіў, каб нападніку прысудзілі восем месяцаў пазбаўлення волі і дзве тысячы злотых кампенсацыі для пацярпелых.
"Мужчына не прызнаў сваёй віны. Казаў на судзе, што ён паляк і калі б ведаў, то не чапаў бы замежнікаў. У яго "сталы побыт", але ён не грамадзянін Польшчы. У яго няма сям'і і працы. Гэта яго і выратавала. Далі ў выніку яму два гады ўмоўна за напад па нацыянальнай прыкмеце і за нанясенне цялесных пашкоджанняў. Таксама суд абавязаў яго выплаціць кампенсацыю", — дзеліцца падрабязнасцямі пацярпелая беларуска.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.