У пошуках радзівілаўскіх скарбаў

Нясвіжскі замак. Сапраўдны гонар для кожнага беларуса. Кожны з нас у свой час захапляўся ідэяй адшукаць вядомы скарб славутага рода Радзівілаў.

Але ж час ідзе, і вось зараз Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях плануе выдаткаваць каля 100 тысяч долараў на фінансаванне вышуковых работ. Дзеля праекту нават будзе набывацца спецыяльная тэхніка для геамагнітнага зандажу, каб прасканіраваць падзямелле.

ДАВЕДКА ЕЎРАРАДЫЁ

Нясвіжскі замак быў закладзены Радзівілам Сіроткам у 1583 годзе. Галоўным архітэктарам стаў італьянец Бернардоні. Разбураны падчас шведскай вайны і ўзноўлены ў 1726 годзе. У 1812 годзе Дамінік Радзівіл падтрымаў Напаліёна і быў вымушаны эміграваць разам з французскімі войскамі, захаваўшы сваё багацце ў тайныя сховішчы.

Мы вырашылі даведацца ў кіраўніка праекта Андрэя Мяцельскага, на што пойдуць дзяржаўныя грошы.

Мяцельскі: “Гэта праект на 2007-2008 год. Падрыхтоўка базы старажытнай часткі архіваў Радзівілаў 15-16 стагоддзяў. Ну і падрыхтоўка работ па пошуку і даследванню падземных камунікацый, якія ўзгадваюцца, што былі пад замкам і яго фартыфікацыямі”.

Але ж усіх, вядома, найперш за ўсё цікавіць, ці будуць знойдзены славутыя багацці беларускіх князёў. Самым вядомым скарбам Радзівілаў лічацца скульптуры дванаццаці апосталаў, вылітых са срэбра ў поўны рост і пакрытых золатам.


Імі вельмі ганарыўся тагачасны ўладар Нясвіжскага замку Радзівіл Пане Каханку. Вось што нам расказала намеснік дырэктара Нясвіжскага запаведніка па навуцы Галіна Кандрацьева:

“У адных крыніцах гаворыцца, што яны былі памерам з чалавечы рост, у другіх – у локаць велічынёю. Зроблены яны былі з каштоўных металаў, упрыгожаны таксама каштоўнымі камянямі.


У літаратуры ёсць згадка, што Пане Каханку заўсёды вазіў выявы з сабою. Нават у цяжкія часы закладваў іх, але заўсёды выкупляў. Калі яны былі страчаныя, ніхто не ведае: была гэта Айчынная вайна, ці больш позні перыяд — у архіўных дакументах пакуль няма пацверджання гэтай версіі”.

Наконт пошуку страчаных скульптур выказваецца Андрэй Мяцельскі:

“Ніхто на пошук апосталаў грошай не вылучае. Наўрадці яны там увогуле ёсць. Асабіста я ў гэтым глыбока сумняваюся. Проста ў інвентарах замку згадваюцца лёхі і патаемнікі ў фарціфікацыях. Нашы пошукі будуць накіраваны менавіта на іх”.

Справа ў тым, што гэта ўжо далёка не першая спроба адшукаць багацце Радзівілаў. Раскопкі ў свой час праводзілі нават нямецкія акупацыйныя войскі. У пачатку дзевяностых гадоў пошукі ўзначальваў Сяргей Рыбчонак. Тады былі адкапаныя чатыры падземныя хады, якія выводзяць на замкавыя ўмацаванні.

Наконт жа выяваў апосталаў даследчык выказаў меркаванне, што скульптурная кампазіцыя калісьці ўпрыгожвала цырборыюм касцёла на Міхайлаўскай гары. Але ў кожным выпадку даследчыя працы ў Нясвіжскім замку ў бліжэйшыя два гады будуць ісці напоўніцу — дарэчы, не пры самай кепскай падтрымцы з боку дзяржавы.

Таму ўсё роўна вельмі хочацца спадзявацца, што славутыя выявы дванаццаці апосталаў ўсё ж такі будуць знойдзены. І ў беларусаў будзе магчымасць любавацца яшчэ адной нацыянальнай каштоўнасцю.

На фота — палацава-замкавы комплекс Радзівілаў у Нясвіжы (www.radzima.org)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі