У Расіі правераць тэлеканал BBC World News і сайт "Бі-Бі-Сі"
У Расіі правераць тэлеканал BBC World News, які распаўсюджваецца на расійскай тэрыторыі, і сайт "Бі-Бі-Сі". Пра гэта заявіў Раскамнагляд. Чыноўнікі збіраюцца высветліць, ці адпавядаюць матэрыялы расійскаму заканадаўству. Расійскі медыярэгулятар пачаў праверку "у сувязі з сітуацыяй, звязанай з вынясеннем брытанскім рэгулятарам Ofcom рашэння аб парушэнні каналам RT правілаў вяшчання" (у сямі праграмах навін ад сакавіка-красавіка 2018-га не была захаваная "належная бесстароннасць"), інфармуе сайт bbc.com.
Афіцыйная прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава назвала рашэнне Раскамнагляду даўно наспелым. "Грубае ўмяшальніцтва брытанскага ўраду ў дзейнасць расійскіх СМІ... не пакідае іншага выбару, акрамя люстэркавага адказу", — цытуе словы Захаравай ria.ru.