У Расіі збіраюцца спрасціць працэдуру далучэння новых тэрыторый
У сувязі з падзеямі ва Украіне гэтым можа заняцца Дзярждума.
Як паведамляе "Коммерсант-Украина", расійскі парламент разгледзіць спрашчэнне працэдуры не толькі выдачы ўкраінцам расійскіх пашпартоў, але і парадак далучэння да Расіі новых суб'ектаў федэрацыі. Нібыта, з такой ініцыятывай выступіла фракцыя "Справядлівая Расія".
На сённяшні дзень, паводле расійскага заканадаўства, рашэнне аб далучэнні да Расіі іншай краіны ці яе часткі здзяйсняецца "паводле ўзаемнай згоды РФ і дадзенай замежнай дзяржавы", якое пацвярджаецца міжнароднай дамовай. Прапануецца зрабіць так, каб для далучэння тэрыторыі было дастаткова "волевыяўлення народа", выяўленага, напрыклад, у форме рэферэндуму.
Як вядома, у Крыме захоўваецца напружаная сітуацыя. Прарасійскія сілы праводзяць вулічныя акцыі, вывешваюць расійскія сцягі над будынкамі мясцовых адміністрацый. Уначы 27 лютага ўзброены атрад захапіў крымскі парламент, узброеныя баевікі выставілі блок-пасты на дарогах у Крым. Крымскі парламент, захоплены аўтаматчыкамі, прызначыў на 25 траўня рэферэндум аб пашырэнні паўнамоцтваў аўтаноміі.
Фота — Reuters, ria.ru