У РФ кажуць, што пандэмія скончыцца да траўня, а ў ЗША чакаюць рост шпіталізацыі

У СААЗ таксама лічаць, што 2022-й можа стаць апошнім годам пандэміі / iz.ru, фота Дзмітрыя Каратаева
У СААЗ таксама лічаць, што 2022-й можа стаць апошнім годам пандэміі / iz.ru, фота Дзмітрыя Каратаева

Пандэмія каранавіруса можа скончыцца да траўня, лічыць расійскі ўрач-эпідэміёлаг Генадзь Анішчанка. Але для гэтага павінны быць выкананы дзве ўмовы: вакцынацыя і прытрымліванне ўсіх антыкавідных патрабаванняў.

"Да траўня часу шмат. Калі мы цяпер з вамі будзем рабіць тое, што трэба, то да таго часу яна ўжо павінна будзе прыпыніцца, ва ўсякім выпадку, трапіць пад кіраванне",заявіў Анішчанка ў інтэрв'ю ТАСС.

Падобнага меркавання прытрымліваюцца і ў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. У сваім навагоднім звароце кіраўнік СААЗ Тэдрас Адханам Гебрэйесус заявіў, што 2022-ы можа стаць апошнім годам пандэміі каранавіруса, калі будзе вырашана праблема вакцынацыі, дакладней — праблема несправядлівасці і няроўнасці пры размеркаванні вакцын. СААЗ турбуе, што багатыя краіны прапануюць сваім грамадзянам рабіць трэція прышчэпкі-бустэры, а ў бедных краінах у гэты час вялікая частка насельніцтва не атрымала і першую дозу вакцыны. На думку Гебрэйесуса, такі падыход стварыў "ідэальныя ўмовы для з'яўлення "Омікрона" і можа ствараць такія ўмовы для віруса ў далейшым.

Тым часам у Ізраілі зацвердзілі ўвядзенне чацвёртай дозы вакцыны ад каранавіруса асобам ад 60 гадоў і старэй, а таксама медработнікам. "Пастанова была прынятая з улікам росту захворвання", патлумачылі ў ізраільскім Міністэрстве аховы здароўя.

Тым часам ў ЗША з-за распаўсюджвання омікрон-штаму чакаюць рост колькасці шпіталізацый. Пра гэта заявіў у нядзелю дырэктар Нацыянальнага інстытута алергічных і інфекцыйных захворванняў ЗША Энтані Фаучы ў інтэрв'ю тэлеканалу CNN. Па дадзеных The New York Times на 1 студзеня, сярэдняя колькасць выяўленых выпадкаў заражэння каранавірусам тут за два тыдні павялічылася на 202% , да 387 тысяч новых выпадкаў у дзень.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі