У Рыгора Барадуліна ўскладненне – ацёк лёгкага

Рыгор Барадулін учора ўвечары трапіў у рэанімацыю лякарні кіраўніцтва справамі прэзідэнта. Па словах жонкі народнага паэта Валянціны Міхайлаўны, дзядзька Рыгор паскардзіўся, што яго ажно трасе ад холаду, ён стаў белы. Апынулася, што тэмпература паднялася да 40 градусаў.

Выклікалі хуткую з лечкамісіі, але тыя адразу ехаць адмовіліся – маўляў, з тэмпературай у паліклініку. Рэч у тым, што Барадулін, як Народны паэт, паводле статусу адносіцца да лечкамісіі, таму звычайная хуткая да яго не паедзе – толькі спецыяльная.

З другога разу, калі жонка запатрабавала прыехаць, бо чалавеку вельмі дрэнна, лекары з’явіліся.

Галоўная лекарка лечкамісіі Ірына Абельская распавяла Еўрарадыё, што паэт трапіў да іх у дастаткова цяжкім стане і супакоіла, што з Рыгорам Барадуліным усё будзе добра.

Ірына Абельская: “У дастаткова цяжкім стане ён знаходзіцца ў аддзяленні рэанімацыі. Не хвалюйцеся, усё будзе нармальна. Пацыент лечыцца, атрымлівае ўвесь неабходны аб’ём і абследаванняў, і лячэння. Але, улічваючы і ўзрост, і востры перыяд захворвання – таму знаходзіцца ў аддзяленні рэанімацыі. У яго - двухбаковая вірусная пнеўманія”.

Між іншым, літаральна ў мінулую сераду паэт выпісаўся з 10-й мінскай лякарні пасля курсу лячэння ад хваробы сэрца. У інтэрв’ю Еўрарадыё дзядзька Рыгор, як заўжды, жартаваў.

Рыгор Барадулін: “Троху падрамантавалі, абяцалі, што яшчэ трошку працягну… Я думаю, што працягну яшчэ, яшчэ хочацца пажыць… Ёсць такія моманты, што, здаецца, усё надакучыла – а ўсё-ткі падумаеш, дык другі раз жа жыць не будзеш…”

Еўрарадыё зычыць Народнаму паэту Беларусі як мага хутчэй ачуняць.

Фота: labadzenka.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі