У Шклове на пажары ў РУУС загінуў затрыманы і абгарэў міліцыянт
Пры пажары ў Шклоўскім РУУС загінуў чалавек, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.
Трагедыя адбылася ўдзень 31 траўня. Пажар пачаўся ў працоўным кабінеце, дзе былі супрацоўнік міліцыі і магілёвец, дастаўлены для разбіральніцтва. Прычынай пажару папярэдне называюць узгаранне канфіскаванай маёмасці. Міліцыянт праводзіў разбіральніцтва па паведамленні пра крадзеж бензапілаў.
У выніку затрыманы загінуў, а міліцыянт шпіталізаваны.
У прэс-службе СК падкрэсліваюць, што загінулы мужчына раней быў неаднаразова судзімы.
Паводле неафіцыйных звестак, мужчыну выклікалі на допыт, а ён падпаліў сябе і міліцыянта.
Міліцыянт трапіў у лякарню з апёкамі 90% цела. Паведамляецца, што яго завуць Дзмітрый Хадарэнка, яму 27 гадоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.