У Астраўцы, дзе актыўна змагаюцца з "экстрэмізмам", адкрылі новы будынак суда
У Астраўцы 5 верасня арганізавалі ўрачыстае мерапрыемства
У Астраўцы, дзе актыўна змагаюцца з "экстрэмізмам", адкрылі новы будынак раённага суда. На яго не пашкадавалі 12 мільёнаў рублёў. Грошы знайшлі ў рэспубліканскім бюджэце.
Прапагандысты падкрэсліваюць, што плошча памяшканняў у новым судзе ў чатыры разы перавышае квадратуру старога будынка. І гэта не дзіўна. Астравецкая міліцыя сёлета прыцягвае ўвагу сваёй статыстыкай, якую нават не хавае. У некаторыя тыдні "распаўсюд экстрэмізму" займае ў раёне першае ці другое месца сярод усіх правапарушэнняў. Атрымліваецца, што мясцовыя міліцыянеры займаюцца пошукамі экстрэмізму больш, чым усімі астатнімі справамі. Адпаведна будзе больш людзей, якіх яны дастаўляюць у суд.
"У гэтым будынку зручна працаваць персаналу суда, пракурорам, адвакатам. Але галоўнае — яно будавалася для людзей", — сказаў старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала, які прыязджаў у Астравец.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.