У Магілёве адкрылі спецыялізаваны ліцэй МУС, на чарзе Брэст
Без праваслаўнага святара такія мерапрыемствы не праходзяць
У Магілёве адкрылі спецыялізаваны ліцэй МУС. У яго залічылі 154 юнакоў. Сцвярджаецца, што конкурс склаў пяць чалавек на месца, а ў будучыні колькасць навучэнцаў давядуць да 200 чалавек.
Указ аб стварэнні ліцэя летам мінулага года падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Дагэтуль спецыялізаваны ліцэй МУС быў толькі ў сталіцы (існуе з лютага 2016-га). Як піша sb.by, падобны ліцэй МУС могуць стварыць і ў Брэсце. Пасля масавых пратэстаў 2020-га, падчас рэпрэсій сілавікі ў Беларусі змагаюцца за моладзь — клапоцяцца пра будучыя кадры. Школьнікаў актыўна апрацоўвае прапаганда. І не дзіўна, што ў панядзелак на адкрыцці ў Магілёве новай навучальнай установы прысутнічала першая намесніца кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Наталля Пяткевіч. Яна пераконвала ліцэістаў, што "будучыня за імі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.