У сітуацыю з беларускай лыжніцай Дар'яй Далідовіч можа ўключыцца FIS
Дар'я Далідовіч / Reuters
У сітуацыю з беларускай лыжніцай Дар'яй Далідовіч можа ўключыцца Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту (FIS). Гэта адбудзецца ў тым выпадку, калі беларускія спартыўныя чыноўнікі ў бліжэйшы час не знойдуць вырашэння ўзніклай праблемы. Пра гэта заявіў кіраўнік прэс-службы Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) Марк Адамс. Яго словы прыводзіць агенцтва "РИА Новости".
Напярэдадні стала вядома, што вядомы беларускі лыжнік Сяргей Далідовіч разам з дачкой з'ехаў з Беларусі ў Польшчу. Гэты крок ён патлумачыў палітычнымі і этычнымі прычынамі. Яго дачку Дар'ю, таксама як і яшчэ адну лыжніцу Святлану Андрыюк, у Беларусі адхілілі ад міжнародных спаборніцтваў па палітычных матывах.
У прэс-сакратара МАК спыталі, ці магчымыя новыя санкцыі ў адносінах да беларускага боку з-за сітуацыі з Далідовіч.
"Пытанне ўздымалася, цяпер гэта пытанне Федэрацыі і нацыянальнага камітэта. Калі мясцовая Федэрацыя палічыць патрэбным нешта зрабіць, то яна гэта зробіць. А мы заклікаем усе Федэрацыі да таго, каб усе беларускія спартсмены маглі бяспечна спаборнічаць, без усялякай дыскрымінацыі", — адказаў Адамс.
Па яго словах, сітуацыя з Далідовіч павінна быць вырашаная на ўзроўні федэрацыі і лыжніцы. "Калі гэта не будзе зроблена, то ўключыцца ўжо Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту", — сказаў ён.
У канцы мінулага года Беларускі лыжны саюз адклікаў ліцэнзіі Далідовіч і Андрыюк для ўдзелу ў спаборніцтвах, якія праводзяцца пад эгідай FIS. У выніку дзяўчаты не змаглі прыняць удзел у кваліфікацыйных спаборніцтвах да галоўных стартаў года. Спартсменкі таксама казалі, што па распараджэнні кіраўніка Беларускага саюза Аляксандра Дараховіча іх адхілілі ад збораў з нацыянальнай камандай у лістападзе.
У 2020 годзе Дар'я Далідовіч брала ўдзел у вулічных пратэстах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.