У Слуцку адзначылі ўгодкі Слуцкага збройнага чыну
У Слуцку 25 лістапада адзначылі ўгодкі Слуцкага збройнага чыну. 60 жыхароў Мінска прыехалі туды аўтобусамі, піша “Наша Ніва”. Яны прывезлі ў тым ліку вялізны бел-чырвона-белы сцяг, пашыты ветэранам нацыянальнага руху Нінай Багінскай.
Арганізатарам акцыі выступіла Партыя БНФ і яе старшыня Рыгор Кастусёў. Да яе таксама далучыліся хрысціянскія дэмакраты і маладафронтаўцы.
Ушанаванне пачалося з сяла Грозаў Капыльскага раёна. Пасля ўдзельнікі наведалі Семежава і Вызну.
У мітынгу ў Слуцку ўзялі ўдзел каля 100 чалавек.
Слуцкі збройны чын — гэта ўзброенае паўстанне супраць савецкай улады, якое адбылося ў 1920 годзе. Паўстанцы спрабавалі ўсталяваць уладу Беларускай Народнай Рэспублікі. Гісторыя Слуцкага паўстання замоўчвалася ў савецкія часы.