У Смалявіцкім раёне пенсіянеры перакрылі дарогу грузавікам
Вясковую дарогу ў вёсцы Пяцілетка Смалявіцкага раёна заблакавалі мясцовыя жыхары. Яны не прапускаюць грузавікі, якія ездзяць на будаўніцтва авіярамонтнага завода і ў лес, для ліквідацыі наступстваў ліпеньскага ўрагану, піша tut.by.
Журналістам вяскоўцы распавялі, што грузавікі ездзяць па вёсцы амаль пяць месяцаў. Спярша гэта былі лесавозы, якія прыбіралі паламаныя пасля ўрагану дрэвы. Потым па дарозе паехала сельгастэхніка на ўборку ўраджаю, а цяпер — грузавікі на будаўніцтва авіярамонтнага завода.
Раней на ўездзе ў вёску стаяў знак, які забараняе праезд грузавікоў па ёй. Але потым ён кудысьці знік, таму цяпер кіроўцы праносяцца па вуліцы, пакідаючы за сабой хмары пяску і пылу.
Побач з вёскай ёсць дарога для праезду грузавікоў. Аднак кіроўцы яе ігнаруюць, бо яна занадта вузкая ды яшчэ і робіць круг у 2 км.
Вяскоўцы звярталіся ў Пякалінскі сельсавет і Смалявіцкі выканкам, але вырашыць пытанне не змаглі: грузавікі працягваюць ездзіць праз Пяцілетку. Таму 12 верасня жыхары вёскі папярэдзілі Смалявіцкі выканкам, што праз два дні перакрыюць дарогу. А восьмай гадзіне раніцы 14 верасня яны паставілі лаўкі пасярод дарогі і селі на іх.
У Пяцілетцы знаходзіцца каля 100 дамоў, сярод жыхароў шмат пенсіянераў. Яны і вартуюць цэлы дзень праезд па дарозе.
Старшыня Пякалінскага сельсавета Юрый Навуменка запэўніў журналістаў, што пра сітуацыю ведае раённае начальства і меры прынятыя: "Зрабілі ўсё тое, што людзі хацелі".