У спісе міжнародных турніраў на 2021 год чэмпіянату свету па хакеі няма
Чэмпіянат свету па хакеі не пазначаны ў спісе міжнародных спартовых мерапрыемстваў на 2021 год, зацверджаным урадам.
Адпаведная пастанова Саўміна №791, датаваная 30 снежня 2020 года, з'явілася на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Гэты спіс зацвярджаюць, каб вызваляць удзельнікаў міжнародных турніраў ад консульскага збору. Удзельнікаў жа хакейнага чэмпіянату вызвалілі ад гэтага збору ўказам Аляксандра Лукашэнкі.
Чэмпіянат свету па хакеі запланаваны на травень-чэрвень 2021 года. Меркавалася правесці яго ў Мінску і Рызе. Аднак пасля жорсткага разгону вулічных пратэстаў у Мінску пачалася міжнародная кампанія за перанос чэмпіянату.
Кіраўнік ІІХФ Рэнэ Фазель выказваўся за тое, каб правесці чэмпіянат у Беларусі. Канчатковае рашэнне ІІХФ павінна абвясціць не пазней за 11 студзеня. На пачатку года Фазель плануе наведаць Беларусь і асабіста сустрэцца з Лукашэнкам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.