У Светлагорску затрымалі супрацоўнікаў тэлеканала "Ранак"
Тэлеканал "Ранак" / @viasna96
Праваабаронцам стала вядома пра затрыманні ў Светлагорску супрацоўнікаў тэлеканала"Ранак". Затрыманыя восем чалавек. Паводле некаторых звестак, іх будуць судзіць "за распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозку інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць " (арт.19.11 КаАП). Кіраўніка тэлеканалу выклікалі ў райвыканкам.
Як даведаліся праваабаронцы, сярод затрыманых Андрэй Ліпскі, Павел Рабко, Марына Бычкоўская, Крысціна (прозвішча невядомае) і яшчэ адна жанчына, імя якой невядомае. Яе адпусцілі, бо яна цяжарная.
Крыніца праваабаронцаў кажа, што работнікаў медыя затрымалі за падпіскі на групу "Светлік Светлагорск" у "Аднакласніках". Але гэтая група не занесеная ў спіс "экстрэмісцкіх". Ёсць і іншая версія — "сапраўднай прычынай для затрымання мог стаць сюжэт пра выбух на Светлагорскім ЦКК, у якім загінула тры чалавекі", кажуць праваабаронцы.
Нагадаем, выбух на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце адбыўся 7 чэрвеня. Прэс-служба МНС паведамляла, што на тэрыторыі прадпрыемства адбылася "успышка газапаветранай сумесі без наступнага гарэння". Загінулі тры чалавекі. СК Беларусі завёў крымінальную справу паводле артыкула "парушэнне правілаў вытворча-тэхнічнай дысцыпліны, правілаў бяспекі на выбухованебяспечных прадпрыемствах або ў выбухованебяспечных цэхах альбо правілаў бяспекі выбухованебяспечных работ".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.