У Варонежы за "падрыў абараназдольнасці РФ" будуць судзіць беларуса

Варонежскі абласны суд

Варонежскі абласны суд / Канстанцін Кліменка, vrntimes.ru

У Варонежскім абласным судзе будуць судзіць 26-гадовага беларуса, заўважылі "Моцныя навіны". Нашага суайчынніка вінавацяць у дыверсіях "у мэтах падрыву эканамічнай бяспекі і абараназдольнасці Расійскай Федэрацыі".

Сцвярджаюць, што беларус учыніў дыверсіі ў Тульскай і Варонежскай абласцях РФ. У прыватнасці, яго вінавацяць у падпале электрападстанцыі "Тульскіх гарадскіх электрасетак" увечары 6 лютага. Тады абгарэлі частка сцяны і дзверы, пацярпелых не было. Супрацоўнікі ФСБ затрымалі хлопца праз некалькі дзён у Варонежы і заявілі, што ён здзейсніў дыверсію "па заданні ўкраінскіх спецслужбаў".

Сцвярджаецца, што ў Беларусі ён адбыў пакаранне за хуліганства з ужываннем зброі, выбуховых альбо гаручых рэчываў. У студзені 2024-га з беларусам звязаўся грамадзянін Украіны Атары Данько, "неаднаразова судзімы за здзяйсненне крадзяжоў у г. Маскве", па мянушцы "Грыша Маскоўскі". Ён, маўляў, звязаў нашага суайчынніка з супрацоўнікам украінскіх спецслужбаў "Юрыем", а той завербаваў яго для дыверсій, паабяцаўшы грашовую ўзнагароду. "5 лютага 2024 г. па заданні "Юрыя" фігурант прыбыў у г. Тулу, дзе вырабіў самаробную запальную прыладу і ажыццявіў падпал электрападстанцыі", — заяўляюць у ФСБ.

Паведамляецца, што мужчына даслаў куратару відэасправаздачу, пасля чаго яму перавялі грошы і далі новае заданне — падпаліць трансфарматарную электрападстанцыю і помпавую станцыю ў Варонежы. Там яго і затрымалі з трыма гатовымі да ўжывання запальнымі сумесямі. У мабільніку беларуса, як сцвярджаецца, знайшлі перапіску з куратарам.

Першае судовае пасяджэнне мусіла адбыцца 2 верасня. Аднак яго адклалі, бо фігуранта не паспелі перавезці з Тулы ў Варонеж. Беларусу пагражае ад 10 да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі