У Віцебску затрыманы ілжэсвятар, супраць яго завялі справу за порна
У Віцебску затрыманы ілжэсвятар Георгій Крот, які збіраў ахвяраванні "на грузінскія манастыры" і праводзіў платныя царкоўныя абрады. Вернікам Крот прадстаўляўся як архімандрыт Грузінскай Праваслаўнай Царквы з Абхазіі, а таксама як настаяцель беларускага скіта "Дабравешчанне Найсвяцейшай Багародзіцы".
Пасля таго, як папярэджанне аб рэлігійным ашуканцы з'явілася на сайце Віцебскай дыяцэзіі, ілжэсвятаром занялася міліцыя. Падчас аператыўных мерапрыемстваў супрацоўнікі 7-га ўпраўлення (па Віцебскай вобласці) ГУБАЗіК МУС РБ высветлілі, што Георгію Крату 33 гады. Ён нарадзіўся ў Магілёўскай вобласці і да 2012 года працаваў качагарам, пасля чаго перакваліфікаваўся ў святара.
Прыналежнасць да праваслаўнага кліру махляр даказваў падробленымі дакументамі. Збор грошай ілжэсвятар наладзіў не толькі на вуліцах Віцебска, але і ў сацсетках. Там жа ён публікаваў паведамленні пра правядзенне платных абрадаў. Сродкі, сабраныя "на будаўніцтва храма", мужчына траціў на асабістыя патрэбы.
Правяраючы інфармацыю пра ілжэсвятара, міліцыянты натрапілі на гей-порна, якое ён размясціў на адной са сваіх старонак у агульным доступе. Па гэтым факце пачатая крымінальная справа па частцы 2 артыкула 343 Крымінальнага кодэкса — "Выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў ці прадметаў парнаграфічнага характару".
Яшчэ адна крымінальная справа пачатая за крадзёж: са здымнага жылля ў Аршанскім раёне ілжэсвятар вынес вопратку, бытавую тэхніку, 6 ікон і 8 царкоўных кніг. Міліцыя працягвае дакументаваць яго злачынную дзейнасць. Таксама праводзіцца праверка на яго дачыненне да здзяйснення распусных дзеянняў у адносінах да непаўналетніх.