У вёсцы Стаўбун правялі абрад “Пахаванне стралы” (фотарэпартаж)

Старажытны абрад, звязаны з абаронай вёскі ад маланкі і спадзяваннямі на добры ўраджай, прайшоў у вёсцы Стаўбун Веткаўскага раёна. “Пахаванне стралы” дагэтуль ладзіцца ў некаторых вёсках Веткаўшчыны на Ушэсце, якое сёлета прыпала на 21 траўня.

Да абраду звычайна далучаюцца госці з іншых гарадоў. Аднак на працягу апошніх гадоў ён захоўваецца ў нязменным выглядзе дзякуючы мясцовым энтузіястам — калектыву “Стаўбунскія вячоркі” ды іншым вясковым жанчынам.

Ход абраду прадугледжвае шэсце жанчын са спевамі з розных канцоў вёскі і ваджэнне карагодаў на скрыжаваннях. Шэсце накіроўваецца ў жытнёвае поле, дзе таксама водзіцца карагод, а пасля хаваюцца ў зямлю металічныя рэчы — гузікі, манеты. Назад жанчыны ідуць, забраўшы з поля дадому некалькі каласкоў. На гэтым абрадавая частка завяршаецца і пачынаюцца пазаабрадавыя спевы і танцы.

Сёлета супрацоўнікі Інстытута культуры Беларусі ініцыявалі збор подпісаў за наданне стаўбунскаму абраду статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі