У ЗША выбіраюць новага прэзідэнта
8 лістапада ў Злучаных Штатах Амерыкі адбываюцца ўсеагульныя выбары прэзідэнта. Акрамя таго, будзе пераабраны ўвесь склад Палаты прадстаўнікоў і траціна Сената кангрэса ЗША.
Асноўная барацьба разгарнулася паміж Хілары Клінтан, кандыдаткай ад дэмакратаў, і мільярдэрам Дональдам Трампам, якога падтрымлівае Рэспубліканская партыя. Акрамя іх, у бюлетэні для галасавання ва ўсіх 50 штатах і федэральнай акрузе Калумбія ўключаны кандыдат ад Лібертарыянскай партыі Гэры Джонсан. У 45 штатах у бюлетэнях значыцца таксама кандыдатка "зялёных" Джыл Стэйн.
Паводле апошніх сацыялагічных апытанняў, Клінтан апярэджвае Трампа: за яе гатовыя аддаць галасы 45-47%, а за эксцэнтрычнага мільярдэра — 41-43%.
Паведамляецца, што больш за 46 мільёнаў амерыканцаў прагаласавалі на выбарах датэрмінова. Агулам лічба датэрміновага галасавання можа скласці больш за 50 мільёнаў чалавек — гэта каля 40% ад тых, хто прыме ўдзел у галасаванні.
Імя новага прэзідэнта ЗША стане вядомае зранку 9 лістапада, калі будуць падведзеныя першыя вынікі галасавання.