U2 на Гластанбэры заменяць Gorillaz

Арганізатар Glastonbury Festival Майк Івіс апублікаваў імя новага хэдлайнера фэста на змену выбылым U2.  «Гаспадарамі» знакамітай Pyramid Stage вечарам у пятніцу 25 чэрвеня стануць Gorillaz – у іх «жывым» канцэртным увасабленні, гэта значыць, з запрошанай камандай музыкаў. Такім чынам, Дэйман Элбарн (Damon Albarn) узначаліць легендарны Гластанбэры другі год запар – нагадаем, што ў 2009-м галоўнымі героямі фэсту выступіла яго родная каманда Blur.

Што да U2, то ірландскім рокерам прыйшлося адмовіцца ад выступу на Гластанбэры з-за стана здароўя фронтмэна каманды Бона. 21 траўня 50-гадовы музыка перанёс аперацыю на пазваночніку і зараз вымушаны праходзіць курс рэабілітацыі. Нароўні з адмовай ад Гластанбэры U2 адмянілі яшчэ 16 канцэртаў свайго амерыканскага тура.

«Нам шкада U2! Гластанбэры проста фенаменальны фестываль, і не скарыстаць магчымасць выступіць на ім вельмі крыўдна, - заявіў Дэйман Элбарн. – Вядома, Gorillaz з задавальненнем заменяць U2, хоць прычыны такой ратацыі нас зусім не радуе».

Сёлета Glastonbury Festival будзе праходзіць з 23 па 27 чэрвеня (уключаючы два дні для "разагрэву"). Суботнюю праграму фэста скончаць рокеры Muse, а ў якасці нядзельнага хэдлайнера выступіць Стыві Ўандэр (Stevie Wonder).

Фота: tonightinmycity.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі