Удзельнік летняй Алімпіяды ў Рыа з Тонга паедзе на зімовыя Гульні
Спартсмен з Тонга Піта Таўфатафуа, які выступаў на летняй Алімпіядзе ў Рыа ў 2016 годзе, прайшоў адбор на зімовыя Гульні ў Пхенчхане. Раней ён удзельнічаў у Алімпіядзе як тхэквандыст, а цяпер паедзе ў Пхенчхан як лыжнік, піша meduza.io
На Гульнях у Рыа гэты спартсмен запомніўся многім як знамяносец зборнай Тонга — Таўфатафуа ішоў з аголеным торсам і ў традыцыйнай тангайскай спадніцы. Аднак на спаборніцтвах па тхэквандо ён прайграў у першым жа паядынку.
Пасля гэтай няўдачы атлет вырашыў радыкальна памяняць від спорту. 21 студзеня ён прайшоў кваліфікацыю на зімовыя Гульні. Такім чынам, Таўфатафуа стаў першым у гісторыі Тонга лыжнікам, які адабраўся на Алімпіяду.
Тонга — гэта невялікае каралеўства ў паўднёвай частцы Ціхага акіяну. Для падрыхтоўкі да Алімпіяды спартсмен трэніраваўся на пляжы і бегаў на ролікавых каньках па вуліцах у аўстралійскім Брысбене.