Украіна здолела даставіць збожжа ў латвійскі порт у абыход Беларусі
Рапсавае поле, фота ілюстрацыйнае
Украінскі грузавы цягнік, гружаны рапсам, прыбыў у латвійскі порт упершыню з пачатку вайны, піша Rail Freight.
Галоўнай цяжкасцю застаецца неабходнасць абыходу тэрыторыі Беларусі. Цягнік едзе ў Латвію праз Польшчу, гэта істотна павялічвае час транзіту. Цягнік складаецца з 54 кантэйнераў са збожжам, у кожным з якіх — каля 1,4 тоны рапсу.
Ад пачатку поўнамаштабнай вайны ў Украіне экспарт збожжа стаў адной з сусветных праблем. А пасля выхаду Расіі са збожжавай здзелкі, марскі шлях экспарту аказаўся перакрыты. Таму пошук альтэрнатыўных шляхоў зносін застаецца актуальным не толькі для самой Украіны, але і для міжнароднай супольнасці. У ААН не аднойчы падкрэслівалі, што блакада ўкраінскага збожжа пагражае голадам найбяднейшым краінам свету.
Год таму Аляксандр Лукашэнка прапаноўваў ААН звярнуць увагу на магчымасць транзіту збожжа праз Беларусь і нават заяўляў, што такі транзіт ужо ідзе. Украіна ў сваю чаргу абвяргала гэтыя сцвярджэнні і заяўляла, што не перавозіць праз Беларусь ніякія тавары ніякімі відамі транспарту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.