Украінец з Дэбальцава: Рускія ваююць метадамі Жукава і Гудэрыяна (відэа)

Каля 2,5 тысячы ўкраінскіх вайскоўцаў на ўчорашні вечар вырваліся з акружэння ў Дэбальцава ў Данецкай вобласці. Украінскі бок сцвярджае, што горад спрабавалі ўзяць штурмам да 20 тысяч баевікоў і салдат рэгулярных расійскіх падраздзяленняў. Колькі ўкраінскіх вайскоўцаў было ў Дэбальцава, не паведамляецца. Меркавалася, што ўначы адтуль будуць прарывацца новыя групы. На ўчорашні дзень налічваліся дзясяткі забітых і сотні параненых.

Тыя байцы, якія пешшу ці на грузавіках і бронетэхніцы выйшлі з Дэбальцава, распавялі падрабязнасці баёў. У інтэрв'ю ўкраінскаму Грамадскаму тэлебачанню адзін з іх сказаў наступнае:

"Рускіх можна біць, але толькі не так, як мы гэта робім. Для гэтага патрэбная тэхніка, патрэбная артылерыя. Новая тэхніка. Патрэбная перавага якасная і тэхнічная. Яны працуюць метадамі Жукава, Гудэрыяна. Гэта значыць, збіраюць натоўп народу і — наперад. Вось гэтую масу можна задушыць менавіта тэхнічна".

Нагадаем, Савет нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны вырашыў дамагацца ўвядзення на Данбас міратворчага кантынгента Арганізацыі аб’яднаных нацый. Міратворцы не толькі павінны з'явіцца на лініі фронту, але і перакрыць тыя ўчасткі ўкраінска-расійскай мяжы, якія кантралююць баевікі і праз якія ідзе перакідка зброі, бронетэхнікі, цэлых падраздзяленняў. Расія, дарэчы, гэта дагэтуль адмаўляе.

Фота: tsn.ua, Reuters

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі