Украінскаму палітвязню Паўлу Грыбу пагражае шэсць гадоў турмы
ТАСС
21 сакавіка ў судзе расійскага Растова-на-Доне пачаліся спрэчкі бакоў па справе ўкраінскага палітвязня Паўла Грыба. Па інфармацыі "Громадского", пракуроры запыталі для Грыба, які абвінавачваецца ў тэрарызме, шэсць гадоў турмы. Тэрмін зняволення прапануюць адлічваць з 25 жніўня 2017 года.
19-гадовы грамадзянін Украіны Павел Грыб быў выкрадзены з тэрыторыі Беларусі 24 жніўня 2017 года супрацоўнікамі ФСБ: у гэты дзень ён прыехаў у Гомель на сустрэчу з дзяўчынай з Расіі і знік. Бацьку Паўла, Ігару ў гомельскай міліцыі паведамілі, што яго сын знаходзіцца ў спісах ФСБ —хлопца абвінавачваюць у тэрарызме.
Па версіі ФСБ, Павел спрабаваў пераканаць старшакласніцу з Сочы Таццяну Яршову падарваць школу, пасля чаго Таццяна павінна была пераехаць жыць да Паўла ва Украіну.
Прокуроры просят шесть лет заключения для украинца Павла Гриба. Перед началом судебного заседания Павел пообщался с корреспондентом #Громадского. pic.twitter.com/ODAXsIyO9b
— Громадское (@HromadskeRU) 21 марта 2019 г.
Па словах эксперта ўкраінскага Інстытута Бадучага Ігара Тышкевіча, Павел Грыб — лепшая кандыдатура для спецаперацыі ФСБ:
Ігар Тышкевіч: "Каб паўплываць на ўнутрыўкраінскую палітыку, трэба было выбраць чалавека, які максімальна выкліча эмоцыі ў грамадства. Мы маем хлопца, актыўнага ў сацыяльных сетках, прычым, не на ўзроўні ўзважаных каментарыяў, а на ўзроўні "здрада-перамога". Ён сын ваеннага капелана. Гэта азначае, што яго бацька ў сабе спалучае самыя аўтарытэтныя ва Украіне структуры — войска і царкву. Далей, хлопец мае праблемы са здароўем, што выклікае спачуванне. І апошняе — гісторыя кахання, дзе з аднаго боку ёсць патрыёт Украіны, а з другога — дзяўчынка з Сочы, расіянка".