Украінскі амбасадар: На беларускай мяжы няма тысяч уцекачоў з Украіны
Расійскія СМІ арганізоўваюць супраць Украіны інфармацыйныя правакацыі, а яе салдаты правакуюць украінцаў на сілавы адказ.
Пра гэта заявіў украінскі дыпламат амбасадар Украіны ў Беларусі Міхаіл Ежэль. Ён пацвердзіў легітымнасць новаабранай украінскай улады і рэзка выказаўся наконт ролі Расіі ў “крымскім канфлікце”. Падчас брыфінгу ў Мінску 4 сакавіка дыпламат заявіў, што Расіі працягвае мэтанакіравана дэстабілізаваць сітуацыю ў Крыме.
Ежэль: “У тым ліку, правакаваць Узброеныя сілы Украіны на сілавы адказ. Працягваюцца спробы прымусіць украінскіх вайскоўцаў адмовіцца ад прысягі, скласці зброю і перайсці на бок Расійскай Федэрацыі альбо сепаратыстаў — так званага ўраду Крыма”.
Па словах Ежэля, новаабраны кіраўнік крымскага ўраду не толькі не мае легітымнасці — ён не мае ніякага права перападпарадкоўваць сабе мясцовыя праваахоўныя органы і размешчаныя ў Крыме часці Узброеных сіл Украіны. І тым больш – звяртацца да кіраўніка суседняй краіны па ваенную дапамогу.
Дыпламат запэўніў, што цяпер украінскія дыпламаты робяць усё магчымае для таго, каб дамагчыся ад Расіі спынення правакацыйных дзеянняў у Крыме.
Ежэль кажа, што насуперак інфармацыі расійскіх СМІ ніякіх “бандэраўскіх” правакацый ў Крыме і ўсходніх абласцях Украіны не было і не планавалася. А на мяжы з Расіяй і Беларуссю не стаяць тысячы ўкраінскіх уцекачоў, якія шукаюць паратунку ў суседніх краінах. Па яго словах, за апошні час ніводзін украінец не звярнуўся ў амбасаду па дапамогу ў атрыманні прытулку ці працы ў Беларусі.