Украінскі Генштаб паведамляе пра перакінуты на Брэстчыну дывізіён "Іскандэраў"
Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны раніцай у аўторак паведамляе, што "узрастае пагроза нанясення ракетных і авіяцыйных удараў" з Беларусі па аб'ектах на ўкраінскай тэрыторыі. "Агрэсар перамясціў дывізіён аператыўна-тактычных ракетных комплексаў "Іскандэр-М" у Брэсцкую вобласць на адлегласць да 50 кіламетраў ад дзяржаўнай мяжы Украіны", — адзначаецца ў зводцы. Днямі ўкраінскі Генштаб паведамляў пра разгорнутыя на палігонах у Беларусі два ракетныя дывізіёны тактычнага ракетнага комплексу "Кропка-У" і дывізіён рэактыўнай сістэмы залпавага агню "Смерч".
Тым часам намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр адказала на заяву Аляксандра Лукашэнкі, што "Беларусь не з'яўляецца краінай-агрэсарам". "Пагроза далейшага выкарыстання тэрыторыі Беларусі для нанясення ўдараў існуе, — кажа яна. — Гэтак жа, ўласна, як і Прыднястроўскага рэгіёну Малдовы. Існуе рызыка".
Днямі Лукашэнка заявіў, што Беларусь купіла ў Расіі ракетныя комплексы "Іскандэр" і С-400.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.