Украінскі разведчык: Па заканчэнні АТА мы ўсе — кандыдаты на пажыццёвае

Цалкам размова з Сяргеем Кастаковым:

Даведка Еўрарадыё: Сяргей Кастакоў — добраахвотнік, сяржант 72-й асаблівай механізаванай брыгады, разведчык. Удзельнік “Падатковага Майдану” 2010 года, праз пераслед уладаў быў вымушаны з’ехаць у Чэхію, дзе атрымаў палітычны прытулак. У 2014 годзе вярнуўся ва Украіну. Грае на скрыпцы, за што ў брыгадзе атрымаў мянушку “Маэстра”.

Еўрарадыё: Цікавая сітуацыя: жыў сабе ўкраінскі хлопец у Чэхіі, але калі радзіме спатрэбілася яго дапамога — сарваўся і пайшоў служыць разведчыкам. І ваяваў сабе “спакойна”, пакуль яго раптам не “завінціла” міліцыя і не адправіла ў СІЗА. За што ў ваенны час салдата можа на перадавой арыштаваць “цывільная” міліцыя?

Сяргей Кастакоў: Мне маё кіраўніцтва сказала, што нібыта ў мясцовай міліцыі ёсць да мяне пытанні адносна законнасці маіх дзеянняў у горадзе Валнаваха. Мы ў тым горадзе і аўтатранспарт даглядалі, і дакументы ў людзей правяралі, але вось нібыта менавіта да мяне ўзніклі пытанні. Ну, узніклі, я і паехаў да начальніка міліцыі. На месцы яго не было, але мы з ім сазваніліся і дамовіліся аб сустрэчы ў цэнтры горада. Сустрэліся 15 верасня і падчас нашай размовы мяне акружылі супрацоўнікі “Беркута” і СБУ. Што было рабіць у такой сітуацыі, адстрэльвацца? Ці мяне заб’юць, ці мне некага давялося б забіваць. Я проста здаўся, хоць абвінавачвання мне афіцыйна ніхто не выставіў. Толькі неафіцыйна сказалі, што начальнік міліцыі патэлефанаваў у штаб батальёна добраахвотнікаў “Харкаў-1”, які складаецца з супрацоўнікаў “Беркута”, і сказаў, што я збіраюся яго выкрасці і забіць.

Еўрарадыё: Але ж вы вайсковец, і не міліцыі з вамі разбірацца!

Сяргей Кастакоў: Ну, вось мяне з мехам на галаве і ў кайданках і павезлі да ваеннага пракурора ў нейкі сакрэтны гарадок — я так і не зразумеў, дзе ён знаходзіцца. Але спачатку мяне сапраўды перадалі ваенным. Пракурор пасля нашай з ім размовы зразумеў, што тут не ўсё чыста: з мяне знялі кайданкі, і на тэрыторыі часткі ваеннай міліцыі я быў свабодны, нават начаваў разам з імі ў казарме. Суткі я там правёў, але потым, відаць, па званку, мяне ізноў вырашылі перадаць міліцыі, і тыя ж самыя “Беркуты” адвезлі мяне ў СІЗА Марыупаля. Там мне правялі нейкае апазнанне нейкай невядомай мне жанчынай, але па-ранейшаму ніякіх абвінавачванняў не выстаўлялі, адваката не давалі, званіць не дазвалялі. Карацей, яны нейкія працэсуальныя дзеянні праводзілі, але якія — невядома, бо я цалкам быў выключаны з гэтага працэсу. Такі назіральнік нібыта!

Еўрарадыё: Як такое можа быць — следчы ж мусіў наконт нейкага канкрэтнага выпадку вас дапытваць?

Сяргей Кастакоў: Афіцыйна мне ніхто нічога не казаў. І толькі хлопцы з “Беркута”, якія мяне канваіравалі, перадавалі нейкую інфармацыю. Там, калі мяне везлі да ваеннага пракурора, яны расказалі пра званок начальніка міліцыі Валнавахі ў батальён. Потым тлумачылі маё затрыманне тым, што я знаходжуся ў вышуку. Сапраўды, я знаходзіўся ў вышуку з 2012 года па справе Майдана-2010 (Кастакова затрымлівалі па крымінальнай справе аб хуліганстве, распачатай у 2010 годзе ў сувязі з яго ўдзелам у так званым “Падатковым Майдане”. Менавіта гэты пераслед па палітычных матывах прымусіў Кастакова прасіць палітычнага прытулку ў Чэхіі — Еўрарадыё). І ўжо пазней яны ж мне паведамілі, што на мяне напісаў заяву мясцовы жыхар: нібыта я забраў у яго машыну. Нібыта ў гэтым мяне і будуць у выніку абвінавачваць.   

Еўрарадыё: Але давайце па шчырасці — машыну ж узялі?

Сяргей Кастакоў: Машыну Toyota RAV-4 я знайшоў на складзе, калі мы “зачышчалі” прамзону ў горадзе Валнаваха. Машына стаяла без нумароў, і калі я выклікаў начальніка аховы гэтага аб’екта і пацікавіўся, чыя яна, ён сказаў, што не толькі яе не ведае, але і што яе ўвогуле тут не павінна быць. Кажу: “Добра, вось нумар  майго тэлефона, і як толькі з’явіцца гаспадар з дакументамі на яе — атрымае машыну назад”. Горад мы толькі вызвалілі, міліцыі там на той момант не было. Што я павінен быў зрабіць у сітуацыі, калі знаходжу машыну без нумароў і дакументаў, а ахоўнік аб’екта не можа сказаць, чыя гэта машына? Я яе забраў, і яна была ў нас у падраздзяленні. Чакалі, пакуль аб’явіцца гаспадар з тэхпашпартам.  

Еўрарадыё: У вашую падтрымку праходзілі акцыі ля будынка МУС у Кіеве, і ў выніку вас вызвалілі. А справу аб “экспрапрыяцыі” машыны закрылі?

Сяргей Кастакоў: Я справы не бачыў і нават не ведаю, ці распачыналі яе ўвогуле. Ніякіх папер на руках у мяне няма. Я вам больш скажу: за ўвесь час за кратамі мяне ніводнага разу следчы нават не апытваў! Затое я ведаю, што тая справа 2010 года на мне да гэтага часу вісіць, яна не закрытая. І цяпер я не на фронт вярнуўся, а прыехаў у Кіеў, каб разабрацца з гэтай справай. Бо пакуль гэтая справа не закрытая, мяне проста не могуць узяць назад у армію! Пакуль я знаходжуся пад следствам, я не магу вярнуцца і працягваць ваяваць! Ужо двойчы сустракаўся са следчым, што вядзе гэтую справу, ён абяцаў пайсці ў пракуратуру і вырашыць пытанне, але пакуль… Нават дапамога дарадцы міністра абароны Аляксандра Данілюка не асабліва дапамагае.

Еўрарадыё: Як можна такога патрэбнага арміі чалавека, як разведчык выводзіць са строю? Дарэчы, бачыў інфармацыю, што не вы адзін такі — практычна адначасова з вамі былі затрыманні іншых разведчыкаў з іншых вайсковых частак і нават батальёнаў добраахвотнікаў. Што гэта?

Сяргей Кастакоў: Разумееце, разведка такая, як была, да прыкладу, падчас Вялікай Айчыннай вайны, тут і цяпер проста неэфектыўная. Як сёння трэба рабіць эфектыўную разведку? Найперш яе трэба праводзіць на машыне з мясцовымі нумарамі пад выглядам мясцовых жыхароў. Калі ісці афіцыйным шляхам, то мы павінныя аўтаўладальніку даваць адпаведныя паперы, дзе прапісана, што мы тваю “машыну рэквізуем для выкарыстання ў арміі”. Што гэта для разведчыка? “Засветка” — стане вядома, што машыну з такімі нумарамі, такога колеру забралі вайскоўцы. Каб рабіць разведку, патрэбная машына тут і цяпер — мясцовая. І мы бралі машыны з мясцовымі нумарамі і заязджалі проста ў тыл “дээнэраўцаў” і здабывалі ўсю неабходную інфармацыю. Мы ехалі, і з намі кіроўцы сустрэчных машын віталіся — думалі, што мы мясцовыя жыхары. А як толькі ў тыл “дээнэраўцам” заязджае чужая машына, мясцовыя адразу тэлефануюць, і гэтая машына адразу альбо абстрэльваецца, альбо знішчаецца, альбо бярэцца ў палон. Гэта смерць, і ніякай карысці ад такой разведкі для арміі. І ў такой сітуацыі разведчыкі вымушаныя балансаваць на мяжы закона. Калі яны будуць тупа выконваць загады камандавання і інструкцыі, яны трупы.

Еўрарадыё: І што, у тым жа МУС, якому падпарадкоўваюцца батальёны добраахвотнікаў і якія таксама вядуць разведку, у Мінабароны, у Генштабе гэтых нюансаў сённяшняй разведкі не ведаюць?

Сяргей Кастакоў: Самае крыўднае ў тым, што кіраўніцтва ўсё гэта разумее, але яму напляваць. Калі сітуацыя на Данбасе толькі пачыналася, кіраўніцтва было ўпэўненае, што гэта будзе як выезд на пікнік: яны крыху паваююць і вернуцца дамоў з ордэнамі. Але гэтае “крыху” зацягнулася, і нават “крыху” пачалі забіваць, а яны да гэтага былі абсалютна не гатовыя. За апошнія 23 гады армію развалілі, і спецыялісты адтуль сышлі. Цяпер мы атрымліваем вынікі гэтага. У брыгадзе, дзе я служыў (72-я асаблівая механізаваная брыгада — Еўрарадыё), на пальцах адной рукі можна пералічыць больш-менш кампетэнтных і сумленных афіцэраў. А астатнія… Я разведчык, больш у тыле, а салдаты з маёй брыгады распавядаюць, што звычайна, калі пачынаецца абстрэл, афіцэры пакідаюць поле бою, з імі немагчыма звязацца, а калі байцы вымушана адыходзяць з пазіцый, яны “знаходзяцца” і прымушаюць байцоў вяртацца на ранейшыя пазіцыі — нягледзячы на тое, што ўся тэхніка была знішчаная праціўнікам.

Еўрарадыё: Вернемся да сітуацыі з разведчыкамі: усё ж мне вельмі дзіўна, калі людзей за тое што яны падчас вайны карыстаюцца метадамі, якія лепш дазваляюць ім выконваць іх задачы, спрабуюць караць…

Сяргей Кастакоў: Я больш скажу: калі я быў на базе ваеннай міліцыі, то даволі шчыра з імі пагаварыў. І яны сказалі, што канкрэтна на 99% байцоў батальёна “Азоў” ужо заведзеныя крымінальныя справы. І справам проста не даюць “ходу”, бо яны пакуль патрэбныя для вайны. А цяпер менавіта “Азоў” знаходзіцца на вастрыні і робіць “чорную” працу — зачысткі сепараў праводзяць. Калі яны знішчаць “Азоў” — яго проста няма кім замяніць. А там людзі матываваныя, сапраўдныя патрыёты, якія ведаюць, што яны практычна смяротнікі. Да ўсяго, гэта не спадабаецца іншым батальёнам. А яны не хочуць пакуль правакаваць людзей, я думаю.

Еўрарадыё: Такая сітуацыя толькі з “Азовам” ці іншыя батальёны таксама ходзяць пад “крыміналам”? Вы хлопцам з “Азова” гэтую інфармацыю не перадавалі?

Сяргей Кастакоў: Не ведаю. Я кажу толькі тое, што чуў ад людзей. А яны казалі толькі пра “Азоў”. Сам я з байцамі “Азова” ніколі не перасякаўся, хоць і ведаю асабіста і іх камбата Андрэя Білецкага, і некаторых іншых байцоў. Але я не думаю, што гэта для камандзіраў “Азова” новая і нечаканая інфармацыя, думаю, што Білецкі добра пра заведзеныя крымінальныя справы ведае.

Еўрарадыё: Як могуць сябе адчуваць батальёны, ды і вы ў тым ліку, якія рызыкуюць жыццём за радзіму, а гэтая радзіма заводзіць на цябе крымінальную справу — глядзі, каб аўтаматы ў іншы бок не павярнулі!

Сяргей Кастакоў: У мяне дакладна такое жаданне ўзнікае! Ведаеце, людзей, якія былі за Януковічам, так ніхто і не пакараў. Пачынаючы з таго ж “Беркута”. Іх нібыта расфарміравалі, але яны па-ранейшаму ездзяць са сваімі шаўронамі, у іх рэальна нічога не памянялася: на паперы яны зніклі, але на практыцы існуюць у тых жа званнях і на тых жа пасадах. Зброю ў іх ніхто не забіраў, і яны адчуваюць сябе выдатна. Я з імі гаварыў, пакуль яны мяне вазілі: яны не адчуваюць за сабой ніякай віны: “Мы выконвалі свой абавязак”. Шыльды змяніліся, Парашэнка стаў прэзідэнтам, змянілася самая вяршыня ўлады, але гнілая сярэдзіна засталася, і таму мяне цяпер нічым не здзівіць. Ведаеце, што пра камандзіра нашай брыгады сказалі хлопцы з батальёна добраахвотнікаў з Івана-Франкоўска, калі яны стаялі побач з намі? “Ён здраднік!” І я з імі згодны: падчас Майдану ён даваў “цітушкам” намёты, “буржуйкі”, цалкам іх забяспечваў. Некаторыя афіцэры яго бароняць у размовах: “Яму загадалі гэта зрабіць”. А калі яму загадаюць праз паўгода знішчыць некалькі батальёнаў добраахвотнікаў ці заехаць танкамі на Майдан? Ён і гэта зробіць, бо гэта загад!

Еўрарадыё: У іншых краінах антытэрарыстычныя аперацыі праводзяць байцы спецслужб і спецпадраздзяленняў — ФБР, ФСБ і гэтак далей. А ў вас на перадавой армія і батальёны добраахвотнікаў. Тут нешта не так ці я чагосьці не разумею?

Сяргей Кастакоў: У нас ёсць закон “Аб барацьбе з тэрарызмам”. І там прапісана, што на першым месцы ў такой аперацыі стаіць СБУ, потым — МУС і ў самым канцы Мінабароны, на якое ўскладаецца функцыя аховы. Армія павінная ахоўваць розныя аб’екты — склады, вакзалы і гэтак далей, дапамагаць СБУ праводзіць аперацыю тылавым забеспячэннем. А фактычна МУС і СБУ сядзяць у тыле, абмундзіраваныя з ног да галавы, і ездзяць на браніраваных мікрааўтобусах. А ў арміі недахоп абмундзіравання, мы ідзем паперадзе ўсіх, нас абстрэльваюць, мы праводзім разведку і ўсё астатняе. І атрымліваецца што: армія стаіць наперадзе, яе пачынаюць абстрэльваць з жылога квартала нейкага сяла, і армія адказвае. У выніку загіне мясцовы жыхар, якога невядома чые стрэлы заб’юць — арміі ці сепаратыстаў, але скажуць, што забілі “укры”, і потым будуць судзіць. Камандзіры ўжо выдатна ведаюць, што калі пасля АТА іх будуць выводзіць, то будуць абяззбройваць, браць пад варту і выстаўляць абвінавачванні. Асабліва гэтага апасаюцца камандзіры мінамётных і артылерыйскіх батарэй. Бо калі фармальна падыходзіць, то яны ўжо заслужылі пажыццёвае: ім і генацыд, і тэрарызм можна прад’явіць — усё што заўгодна!

Еўрарадыё: З чаго ўладам аддаваць пад суд людзей, якія выконвалі загад? Для гэтага як мінімум трэба будзе рашэнне Гаагскага трыбунала! І як гэта ўспрымаюць у арміі?

Сяргей Кастакоў: Ну, у камандзіраў артдывізіёнаў ёсць такое жартаўлівае вітанне: “Да сустрэчы ў Гаазе!” Я гэта не выдумаў — так і ёсць сёння ў арміі. А як успрымаюць? Пра гэта ведаюць, мяркую, усе афіцэры, а вось салдаты не ведаюць і не цікавяцца. Я не ведаю, чаму, магчыма, менталітэт у людзей такі. Я гэтымі нюансамі цікавіўся таму, што добра ведаю, як у нас могуць па фармальнай прычыне чалавека “зачапіць”, і ён будзе гадамі сядзець у СІЗА і даказваць сваю невінаватасць. З іншага боку, няведанне закона не вызваляе ад адказнасці.

Еўрарадыё: Вы кажаце пра крымінальныя справы на байцоў “Азова” і пра лёгкасць, з якой вайскоўцы могуць знішчыць батальёны добраахвотнікаў. Вы хочаце падвесці да таго, што ўлады баяцца добраахвотнікаў? Чаму? Што яны, на Кіеў пойдуць?

Сяргей Кастакоў: Канечне пойдуць — а куды яны падзенуцца!

Еўрарадыё: Чаго, калі практычна ўсе камбаты балатуюцца ў Вярхоўную Раду?!

Сяргей Кастакоў: Я супраць таго, каб той жа Бялецкі ішоў у Вярхоўную Раду. Я ўвогуле не бачу сэнсу ў гэтай Радзе ў дадзенай сітуацыі — ідзе вайна, цяпер трэба адзінаначалле, каб адзін чалавек прымаў рашэнні хутка, каб яны набывалі моц і каб ён за іх адказваў. А тыя 450 чалавек, што будуць там сядзець, не толькі будуць зацягваць рашэнне ўсіх пытанняў, і з каго потым пытацца? Адказнасць распыляецца. А яшчэ іншае: мне адзін з камандзіраў нашай брыгады, калі мы спрачаліся на палітычныя тэмы, хлопец, на 10 гадоў за мяне маладзейшы, кажа: “А як я буду з імі ваяваць, калі там мае аднакурснікі?!” І я думаю, што ў большасці нашых афіцэраў такое ж меркаванне. Як можна за такімі камандзірамі ісці і ім верыць пасля такіх слоў?

Еўрарадыё: Прадстаўнікі Расіі і ДНР сцвярджаюць, што ніякіх расійскіх салдат на тэрыторыі Украіны няма. Вы там, у тыле, былі, што скажаце?

Сяргей Кастакоў: Быў перыяд, калі мы палявалі на “Грады” і выязджалі ў раён украінска-расійскай мяжы. Разварочвалі тры зенітныя ўстаноўкі, і нашай задачай было наступнае: калі “Грады” пачнуць працаваць на адлегласці, бліжэйшай за 5 кіламетраў, абстраляць іх, знішчыць. Але ў нас гэта так і не атрымалася, бо ў нас надта шумныя былі транспартныя сродкі. Але кожную ноч мы назіралі абстрэл “Градамі” з тэрыторыі Расіі. А днём мы на інкасатарскіх машынах вывозілі з абстраляных сёл целы забітых і параненых. Праўда, асабіста я ніколі з рэгулярнымі расійскімі войскамі падчас вылазак не сутыкаўся — толькі з “дээнэраўцамі”.

Еўрарадыё: Забіваць даводзілася? Чым Сяргей Кастакоў адрозніваецца ад Сяргея Кастакова шасцімесячнай даўніны?

Сяргей Кастакоў: Ён, безумоўна, адрозніваецца. Але я б не хацеў залазіць ва ўсе гэтыя ўспаміны: яны мне і непрыемныя, і небяспечныя…

Еўрарадыё: Як, на вашу думку, будзе праходзіць ваенная кампанія на Данбасе?

Сяргей Кастакоў: Тут шмат залежыць ад адэкватнасці нашага камандавання. Калі б мы захацелі, то гэтую ДНР даўно б задавілі: нас па колькасці больш, амаль у 5 разоў. А так мы стаім тупа на блокпастах, нас тупа абстрэльваюць і знішчаюць. А цяпер, як я чуў, і увогуле забаранілі блокпастам весці агонь у адказ на абстрэлы.

Еўрарадыё: Даможацеся закрыцця сваёй старой крымінальнай справы і што далей — назад у 72-ю?

Сяргей Кастакоў: У 72-ю брыгаду я больш не вярнуся — хачу перавесціся. Я тэрміновую службу праходзіў у спецназе ГРУ, і мае былыя саслужыўцы ваююць у 79-й брыгадзе — паветрана-дэсантныя войскі. У Мінабароны мне прапанавалі такі перавод, і я пагадзіўся.

Еўрарадыё: Мяркую, і ў вас ёсць былыя саслужыўцы, якія апынуліся на тым баку?

Сяргей Кастакоў: Канечне, ёсць: яны мяне праклінаюць, называюць фашыстам і прадказваюць хуткую смерць.

Еўрарадыё: Але ў Чэхію вы вяртацца не збіраецеся? Нават пасля крымінальнага пераследу і таго, на што вы наглядзеліся ў арміі?

Сяргей Кастакоў: Я не хачу, каб у Кіеў прыйшлі расійскія войскі. Супраць гэтага і ваюю. А наша ўлада… З ёй мы з часам разбяромся. Мяркую, што людзі, якія пройдуць такую школу, будуць больш патрабавальнымі да ўлады. І спадзяюся на батальёны добраахвотнікаў: што яны па заканчэнні ўсяго не здадуць зброю. Бо калі здадуць, іх проста знішчаць. Мы ўсе раўняемся на Швейцарыю, як там усё добра, а між тым у кожнага швейцарца ёсць зброя дома, і нічога праз гэта страшнага не здараецца. І ў тых жа ізраільцян. Пасля АТА ўсе нашыя сённяшнія праблемы нікуды не знікнуць — карупцыя і гэтак далей. Іх трэба будзе вырашаць хутка і эфектыўна — проста перавёўшы батальёны ў Кіеў.

Еўрарадыё: І што гэта будзе — ваенны пераварот?

Сяргей Кастакоў: Чаму ваенны пераварот? Гэта будзе прымусовая люстрацыя з дапамогай зброі. Бо без такой дапамогі яе проста ніхто не будзе праводзіць.

Еўрарадыё: Атрымліваецца, недарэмна ўлады асцерагаюцца батальёнаў?

Сяргей Кастакоў: Ну, значыць, недарэмна.

Фота: з архіва Сяргея Кастакова, Еўрарадыё, відэа: http://obozrevatel.com/, http://www.hromadske.tv/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі