Украінскія лекі знікаюць з беларускіх аптэк

Калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

За апошнія месяцы з беларускіх аптэк зніклі дзясяткі найменняў таблетак. Прыкметную долю рынку займалі ўкраінскія вытворцы. Але пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, у якой Беларусь заняла бок агрэсара, усякае супрацоўніцтва сышло на нішто.


Вытворцы адклікаюць лекі

Каб мець магчымасць выкарыстоўвацца і прадавацца ў Беларусі, любыя лекі павінны быць зарэгістраваныя і ўключаныя ў адпаведны рэестр. Але рэгістрацыя адбываецца не так, што Мінздароўя палічыла неабходным уключыць нейкі прэпарат у рэестр, — наадварот, вытворца (або пастаўшчык) павінен сам звярнуцца з адпаведнай просьбай.

Кампанія можа і адклікаць сваю заяву аб рэгістрацыі. Так пасля пачатку вайны зрабілі некалькі буйных украінскіх вытворцаў лекаў.

Украинские лекарства пропадают из белорусских аптек

Мяркуючы па публікацыях у ведамасным выданні "Новости экспертизы и регистрации", у траўні Мінздароўя вырашыла спыніць дзеянне рэгістрацыі прадукцыі завода "Дарніца", у тым ліку на выраблены прадпрыемствам анальгін, каптапрэс, септэфрыл і іншыя прэпараты.

Яшчэ праз месяц, у чэрвені, рэгістрацыйныя заявы адклікаў і іншы буйны ўкраінскі вытворца — "Фармак". Сярод яго прэпаратаў — валідол, трамадол і рэўмаксікам.

Некаторыя вытворцы або пакуль не пачыналі фармальную працэдуру адклікання прэпаратаў, або пра яе пакуль не вядома. Напрыклад, у аптэках канчаюцца лекі "Кіеўмедпрэпаратаў" — у тым ліку знік антыдэпрэсант флуксен, прыём якога нельга спыняць рэзка і ў якога няма аналагаў у Беларусі. Тое самае — з прэпаратам ад ціску раўнатынам, які вырабляўся ўкраінскай фірмай "Здароўе". Аналагаў на нашым рынку няма.
 

Не толькі пацыенты, але і грошы

Горш за ўсё без лекаў будзе пацыентам — асабліва тым, хто прымаў лекі, якія пакуль не маюць аналагаў. Але водзыў рэгістрацыі або банальнае прыпыненне паставак прэпаратаў — не вельмі добры сігнал і для эканомікі.

Ёсць дадзеныя, якія сведчаць, што за 2021 год таго ж карвалолу ад "Фармак" прадалі больш за 1,3 мільёна упаковак, у аптовых цэнах гэта больш за 350 тысяч еўра. Тамагексолу ад таго ж вытворцы ў аптовых цэнах за 2021-ы прадалі на амаль паўмільёна еўра.

Украинские лекарства пропадают из белорусских аптек

У цэлым продажы лекаў ад украінскіх вытворцаў вылічаліся дзясяткамі мільёнаў еўра. Вядома, цяпер гэтага даходу не будзе ў вытворцаў, але і Беларусь недаатрымае падаткі, не заробяць пастаўшчыкі і далей па ланцужку.

Хоць Мінздароўя і рапартуе, што ніякіх праблем з лекамі ў цэлым у Беларусі няма, пытанні пра знікненне тых ці іншых прэпаратаў беларусы задаюць. Універсальны адказ на такія пытанні даюць на партале tabletka.by: "Па ўкраінскіх пакуль ніякіх перспектыў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі