Улады Беларусі — пра даклад ААН пра рэпрэсіі 2020 года: хлусня і паклёп

Беларускія дыпламаты абурыліся дакладам пра парушэнні правоў чалавека / mfa.gov.by
Беларускія дыпламаты абурыліся дакладам пра парушэнні правоў чалавека / mfa.gov.by

Хлуснёй і паклёпам пра Беларусь і яе ўлады назвала пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры Аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе даклад аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі ў кантэксце выбараў 2020 года. Даклад быў падрыхтаваны Упраўленнем Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека і апублікаваны 17 сакавіка 2023 года.

"І прэс-рэліз, і даклад працягваюць тыражаваць хлусню і паклёп пра Беларусь і яе ўлады. Даклад служыць інструментам для лабіявання антыбеларускага парадку заходніх краін у ААН і Савеце правоў чалавека. УВКПЧ працягвае абараняць тых, хто не змог падарваць беларускую дзяржаву і незаконна захапіць уладу ў 2020 годзе, удзельнічаючы ў масавых беспарадках, накіроўваючы антыўрадавыя пратэсты, распальваючы нянавісць у грамадстве, ужываючы гвалт і пагрозы ў дачыненні да прадстаўнікоў праваахоўных органаў, дзяржаўных службовых асоб, прадзяржаўных журналістаў", — цытуе БЕЛТА словы беларускіх дыпламатаў.

Яны падкрэслілі, што многія з ахвяраў і сведкаў, згаданых у дакладзе, "былі прыцягнутыя да адказнасці за канкрэтныя злачынствы".

Пры гэтым дыпламаты не сталі абвяргаць факты, прыведзеныя ў дакуменце.

Даклад ААН па парпушэнні правоў чалавека ў Беларусі ў 2020 годзе грунтуецца на інтэрв'ю з 207 пацярпелымі ад сілавікоў і сведкамі. Яго аўтары прааналізавалі больш за 2,5 тысячы доказаў, уключаючы фатаграфіі, відэа, медыцынскія і судовыя пратаколы. Як перадавала Еўрарадыё, некаторыя з зафіксаваных парушэнняў могуць быць прыроўненыя да злачынстваў супраць чалавечнасці.

Абмеркаванне дакладу ў Савеце правоў чалавека адбудзецца 22 сакавіка.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі