ААН назвала дзеянні ўладаў Беларусі ў 2020-м злачынствам супраць чалавечнасці

Пратэсты ў Мінску ў жніўні 2020-га / Белсат
Пратэсты ў Мінску ў жніўні 2020-га / Белсат

Некаторыя з парушэнняў, учыненых беларускімі ўладамі перад і пасля выбараў 2020 года, могуць быць прыроўненыя да злачынстваў супраць чалавечнасці. Пра гэта гаворыцца ў сёлетнім дакладзе Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.

Гэтыя дзеянні былі "часткай кампаніі гвалту і рэпрэсій, наўмысна накіраванай супраць тых, хто быў ці лічыўся праціўнікам урада або выказваў крытычныя або незалежныя меркаванні".

У дакладзе згадваецца пра збіццё мірных дэманстрантаў у перыяд з 9 па 14 жніўня па ўсё Беларусі. Супраць іх таксама ўжываліся гумовыя кулі і святлошумавыя гранаты. Гэтыя дзеянні былі ўхваленыя "на высокім урадавым узроўні" і старанна каардынаваліся.

Таксама ў дакладзе згадваюцца арышты за ажыццяўленне права на свабоду меркаванняў, якія вяліся з траўня 2020-га; адмова тысячам грамадзян у справядлівым і бесстаронным судовым разбіральніцтве.

"Ад жніўня 2020 года сотням тысяч людзей было адвольна адмоўлена ў праве на мірныя сходы, асацыяцыю і свабоду выказвання меркаванняў; з 2021 года было ўнесена больш за дзесятак заканадаўчых паправак, накіраваных супраць палітычных актывістаў ці тых, каго лічаць апазіцыйнымі ўраду; прэзідэнт неаднаразова выкарыстоўваў падбухторванне да гэтай групы, публічна называючы яе членаў "бунтаўшчыкамі", "нягоднікамі", "злачынцамі", "замежнымі агентамі", "здраднікамі", "баевікамі", "ворагамі", "экстрэмістамі", "язвамі і пухлінамі грамадства" і "змоўшчыкамі" ды намякаючы на тое, што яны займаюцца тэрарызмам і гераізацыяй нацызму; да канца 2022 года не менш за 870 тэлеграм-рэсурсаў і 42 СМІ былі прызнаныя "экстрэмісцкімі", праведзена 199 ператрусаў у бюро і дамах журналістаў, затрымана 625 журналістаў; ад жніўня 2020 года па снежань 2022 года больш за 757 арганізацый знаходзіліся або знаходзяцца ў працэсе роспуску ўладамі, уключаючы практычна ўсе дзеючыя ў краіне праваабарончыя групы; тысячам было адмоўлена ў праве на працу па палітычных матывах", — адзначаецца ў дакладзе.

Вярхоўны камісар ААН рэкамендуе беларускім уладам неадкладна вызваліць усіх адвольна затрыманых і асуджаных па палітычных матывах, спыніць парушэнні правоў чалавек і пачаць незалежнае і бесстаронняе расследаванне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі