Улады паведамілі, колькі сайтаў і ТГ-каналаў яны заблакавалі
Сёлета ў Беларусі заблакавалі больш за 3 тысячы інтэрнэт-рэсурсаў / pixabay.com
Ад пачатку 2022 года ў Беларусі заблакавалі больш за 3 тысячы інтэрнэт-рэсурсаў. Пра гэта гаворыцца ў снежаньскіх матэрыялах для чальцоў інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, апублікаваных на сайце Мінгарвыканкама.
Агулам з 2015 па 2022 год былі прынятыя рашэнні пра блакаванне 8025 інтэрнэт-рэсурсаў ды іх складовых частак. Такім чынам, 2022 год стаў самым "плённым".
Паведамляецца, што за 2021 год Мінінфарм уключыў у "экстрэмісцкі спіс" 684 сайты на падставе 420 рашэнняў судоў. Паводле заяваў МУС у 2021-22 гадах суды прызналі "экстрэмісцкімі матэрыяламі" 778 тэлеграм-каналаў ды іншых інтэрнэт-рэсурсаў.
Больш за 300 тэлеграм-каналаў і чатаў былі прызнаныя "экстрэмісцкімі фармаваннямі". А дзейнасць больш як 160 тэлеграм-каналаў і чатаў уладам удалося спыніць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.