Уладзімір Сямашка: Беларусь набудзе частку Вентспілскага порта

Беларусь зацікаўленая ў набыцці кантрольнага пакету латвійскай кампаніі Kalija parks, якая валодае аднаёменным тэрміналам насыпных грузаў у Вентспілскім порце. Аб гэтым заявіў першы віцэ-прэм'ер Беларусі Ўладзімір Сямашка на чарговым латвійска-беларускім інвестыцыйным форуме, які прайшоў у Мінску. Дэталі магчымай здзелкі ён абмеркаваў з міністрам эканомікі Латвіі Каспарам Герхардсам. Як паведамляе інфармацыйнае агенцтва Regnum, на сустрэчы Ўладзімір Сямашка выказаў заклапочанасць скарачэннем транзіту праз Латвію беларускіх калійных угнаенняў. "Яшчэ тры гады таму мы перавальвалі праз порт Вентспілса каля 3,8 млн тон за год, а за дзевяць месяцаў бягучага года аб'ём перавалкі склаў усяго каля 900 тысяч тон. Па выніках года ў найлепшым выпадку мы выйдзем на 1,2 - 1,3 млн тон", - сказаў ён.

На думку Сямашкі, "асноўнай прычынай значнага зніжэння перавозак з'яўляецца не вельмі правільная тарыфная палітыка Latvijas dzelzceļš, а таксама дарагавізна паслугаў стывідарскіх кампаній на тэрыторыі Латвіі". І тым не менш, Беларусь мае намер выкупіць пэўную долю латвійскага прадпрыемства. Гэты крок мусіць гарантаваць стабільную і выгадную перавалку беларускіх грузаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі