Ультраправыя ўзялі Бундэстаг, Меркель застаецца толькі “Ямайка”

Ультраправыя ўзялі Бундэстаг, Меркель застаецца толькі “Ямайка”

24 верасня ў Германіі абіралі новых дэпутатаў Бундэстага. А фактычна – галасавалі за тое, якая партыя які ўплыў будзе мець у нямецкай палітыцы ў бліжэйшыя чатыры гады. Бо менавіта партыі, якія атрымаюць больш мандатаў, будуць фарміраваць новы ўрад і абіраць кіраўніка краіны – канцлера.

Участкі для галасавання адчыніліся ў 8 гадзін раніцы, немцы пайшлі галасаваць, а СМІ да 18 гадзін (час заканчэння галасавання) перасталі агучваць лічбы апытанак ды экзіт-пулаў, якія так любяць усе ў гэтай краіне. У чаканні абвяшчэння папярэдніх вынікаў галасавання, а гэта роўна ў 18 гадзін, усе партыі сабралі сваіх прыхільнікаў на “партыйныя вечарынкі”. Мне прыйшло запрашэнне ад Партыі Зялёных (Bündnis 90/Die Grünen). Гэта адна з шасці партый, якая традыцыйна, хай і не вельмі значнай колькасцю дэпутатаў, прысутнічае ў Бундэстагу.

Даведка Еўрарадыё

У выбарах 2017 года бяруць удзел 42 партыі. Рэальна прэтэндуюць на больш-менш значную колькасць месцаў у парламенце па меркаванні экспертаў і паводле апытанняў сацыёлагаў, толькі 6: альянс ХДС/ХСС (Christlich Demokratische Union Deutschlands / Christlich-Soziale Union in Bayern), які ўзначальвае Ангела Меркель. Паводле папярэдніх апытанняў за правячы альянс гатовыя былі прагаласаваць каля 38% апытаных. Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі (Sozialdemokratische Partei Deutschlands), якую ўзначальвае Марцін Шульц (Martin Schulz) з 20% падтрымкі. Альтэрнатыва для Германіі (Alternative für Deutschland) — за яе выказвалі гатоўнасць галасаваць 12% выбаршчыкаў. Далей ідуць Партыя левых (Die Linke) з 9%, Зялёныя (Bündnis 90/Die Grünen) з 8% і Свабодная дэмакратычная партыя (Freie Demokratische Partei) таксама з 8%.

Інтрыга ў тым, хто колькі галасоў набярэ, захоўвалася да апошняга моманту. І не толькі “наверсе”, бо, паводле чутак сярод нямецкіх журналістаў, альянс Меркель у апошні момант пачаў губляць падтрымку выбаршчыкаў, а партыя Шульца стала імкліва даганяць канкурэнтаў. Было цікава, колькі людзей у выніку прагаласуюць за ўльтраправых з Альтэрнатыва для Германіі (Alternative für Deutschland), здадуць сваю і так не вельмі моцныя пазіцыю Зялёныя ці не і гэтак далей.

Для сваёй “партыйнай вечарынкі” Зялёныя арэндавалі падобны да складу клуб ва Усходнім Берліне. І ўжо ў 17 гадзін, калі я туды прыйшоў, ён быў поўны прыхільнікаў гэтай партыі і журналістаў. Ля ўваходу стаяла экалагічная Тэсла лідараў партыі – значыцца і яны недзе тут.

А побач “эка”-Міні, які акупавалі дзеці. Раблю фота і знаёмлюся з іх маці Сімоне, цікаўлюся, што іх прывяло на гэтую вечарынку.

– Я хачу, каб мае дзеці жылі ў чыстай і экалагічнай краіне, і таму ўжо даўно галасую за Зялёных, – адказвае Сімоне.

– Пасля таго, як Меркель прыняла рашэнне пра закрыццё атамных станцый Германіі, гэтая партыя, здаецца, стала ўжо і не вельмі актуальнай…

– Вы ведаеце, колькі ў нас розных экалагічных праблем?! Вы іх праграму пачытайце – Зялёным заўжды будзе за што і з чым змагацца!

З усмешкай развітваюся ды іду ў залу, дзе ўсе чакаюць 18 гадзін, паглядаючы на два вялікія экраны на сцяне. У памяшканні проста адчуваецца ўсхваляванае напружанне.

Даведка Еўрарадыё

Да выбараў немцы ставяцца вельмі адказна. Доказам гэтай адказнасці з’яўляецца яўка. У 2013 годзе на парламенцкіх выбарах у Германіі прагаласавала 71,5% выбаршчыкаў, у 2009 годзе — крыху больш за 70%, а ў 2005 — 77,7% ад 61,5 мільёнаў выбаршчыкаў. Паводле інфармацыі, сёлета на выбары як і ў 2013 годзе прыйшло звыш 71% выбаршчыкаў.

Людзі ў зале паволі пілі піва – падарунак партыі. Было такое адчуванне, што тут практычна ўсе адзін аднаго ведаюць. Я чакаю развіцця падзей у кампаніі двух нямецкіх дактароў навук – палітолага Яна-Петэра Абрахама (Jan-Peter Abraham) і сацыёлага Ёханэса Герстнера (Johannes Gerstner).

– Ходзяць чуткі, – кажа мне Ян-Петэр так, каб не пачуў прыхільнік “зялёных” Ёханес Гарстнер, – што “зялёных” чакае вялікае фіаска – яны могуць не набраць нават 5%. І не пройдуць як партыя ў Бундэстаг. Гэта будзе мець сур’ёзныя наступствы як для самой партыі, так і для Германіі ўвогуле…

Раптам у зале стала вельмі ціха. Піва больш не пілося і размовы скончыліся – да абвяшчэння папярэдніх вынікаў заставалася 40 секунд, таймеры на экранах пачалі свой адлік.

– Гэта папярэднія вынікі, але можна смела казаць – калі канчатковыя вынікі ад гэтых лічбаў і будуць адрознівацца, то не больш, чым на 0,5%. Максімум – на 1%. А калі зараз скажуць, што Зялёныя набіраюць 5,2%, да прыкладу, то ў выніку гэта цалкам можа пераварыцца ў 4,9%, – тлумачыць мне Ян-Петэр.

І вось…

ХДС/ХСС (Christlich Demokratische Union Deutschlands / Christlich-Soziale Union in Bayern) – 32.5%. Зал смяецца – правячы альянс праваліўся нават ніжэй папярэдніх прагнозаў. Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі (Sozialdemokratische Partei Deutschlands) – 20%. Таксама ўсмешкі – не менш, але і не больш прагназаванага. Партыя левых (Die Linke) са сваімі 9%. Зялёныя (Bündnis 90/Die Grünen) з 9%.  І зал нібы падрываецца! Людзі радасна крычаць, абдымаюцца, узнімаюць келіхі з півам за поспех. Ну, ці за тое, што пазбеглі правалу.

“На вынікі Свабоднай дэмакратычнай партыі (Freie Demokratische Partei) увагі амаль ніхто ў зале не звяртае, а дарма”, – кажа мне Ёханес Гарстнер.

Справа ў тым, што ў 2013 годзе партыя не змагла нават пераадолець 5% бар’ер, а тут нечакана набрала адразу 10%.

“Лібералы трыумфальна вяртаюцца ў Бундэстаг”, – кажа мой суразмоўца.

Нечакана радасныя воклічы перарываюцца гулам незадаволенасці – на экране паказваюць вынік ультраправых. Альтэрнатыва для Германіі набірае 13,5% галасоў…

Вынік, хай і папярэдні, але вядомы. Што далей, хто з кім і супраць каго будзе сябраваць у новым Бундэстагу?

– Меркель патрэбна кааліцыя, каб мець большасць у парламенце, але партыя Шульца ўступаць з ХДС у саюз не будзе, не гэтым разам, – упэўнена кажа Ян-Петэр.

І праз некаторы час, калі тэлеканалы пачалі трансляваць першыя каментары лідараў партый, становіцца відавочным – Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі сыходзіць у апазіцыю.

– Дзе ж тады і з кім фрау Меркель шукаць паплечнікаў для новага альянсу, – цікаўлюся.

– Ёй нічога больш не застаецца апроч “Ямайкі”, – кажа мне Ян-Петэр і, убачыўшы маё здзіўленне, тлумачыць. – Ёй давядзецца дамаўляцца з Зялёнымі і лібераламі з СДП. І паглядзі на іх партыйныя колеры: ХДС – чорны, Зялёныя – зялёны, СДП – жоўты. Калі іх спалучыць, то атрымліваецца сцяг Ямайкі.

На зялёны дыван, засцелены пасярод залы, выходзяць першыя нумары партыйнага спісу Зялёных – Джэм Оздэмір (Cem Özdemir) і Катрын Гёрынг-Эккард (Katrin Göring-Eckard). Амаль адразу пасля падзяк сваім прыхільнікам яны кажуць пра… Альтэрнатыву для Германіі.

–Так, АДГ прайшлі ў Бундэстаг. Гэта нядобра, але мы вам гарантуем, што ніводная іх ідэя, ніводны іх лозунг не будзе намі падтрыманы! – Абяцае Катрын Гёрынг-Эккард.

А што наконт магчымай кааліцыі? Наўпрост у сваёй прамове лідары нічога на гэты конт не кажуць, але са слоў фрау Гёрынг-Эккард становіцца зразумелым – да перамоў з фрау Меркель яны гатовыя.

“Мы будзем вельмі складанымі партнёрамі”, – кідае з усмешкай у залу Гёрынг-Эккард. І ўсім, хто разбіраецца ў палітыцы, а ў зале відавочна сабраліся менавіта такія людзі, становіцца зразумелым пра што ідзе гаворка.

– Зялёныя ў кааліцыі з партыяй Меркель змогуць уплываць на нейкія сур’ёзныя знешнепалітычныя пытанні? Хаця б у дачыненні да БелАЭС?

– Наўрад ці яны ўвогуле змогуць знешнюю палітыку чапляць. Але калі і казаць пра замежныя АЭС, то тут нас больш хвалююць атамныя станцыі ў Бельгіі і Францыі. Гэта да нашых межаў бліжэй, чым беларуская станцыя, – кажа Ян-Петэр.

Зялёныя працягвалі святкаваць, а ў гэты час у цэнтры Берліна, дзе святкуе перамогу Альтэрнатыва для Германіі, распачалася стыхійная акцыя пратэсту.

Фота Змітра Лукашука і Арарата Ттцяна

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі