Уначы расіяне бамбілі Харкаў, там больш за 20 пацярпелых
Наступствы бамбавання Харкава
У ноч на 8 лістапада расіяне нанеслі ўдар па двух раёнах Харкава кіраванымі авіябомбамі (КАБ). За пару дзён да гэтага бамбілі Запарожжа.
У Салтоўскім раёне Харкава бомба пацэліла ў 12-павярховы дом, піша hromadske.ua. Пры гэтым быў разбураны пад'езд з першага па трэці паверх. Таксама там пашкоджаныя дамы побач, аўтамабілі і выхады метро.
Ад удару пацярпелі 25 чалавек, пяцярых з іх адправілі ў бальніцу. Паведамляецца, што сярод пацярпелых ёсць трохмесячнае немаўля.
Пасля бамбавання на трэцім паверсе дома заставаліся заблакаванымі жыхары. Эвакуяваць з месца ўдару ўдалося 30 чалавек.
У Шаўчэнкаўскім раёне ў цэнтры Харкава бомбы ўпалі на адкрытай тэрыторыі і каля жылой забудовы — у гэты раён удар быў нанесены двойчы. Ад бамбавання былі пашкоджаныя гістарычныя будынкі, крамы, прынамсі шэсць шматпавярховых дамоў, аўтамабілі і выхады метро. На шчасце, пацярпелых няма.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.