Унук Ландсбергіса: Магчыма, у Еўрапарламенце я буду займацца Беларуссю
Ці дастаткова вядомага прозвішча, каб стаць еўрадэпутатам, як зменіцца пазіцыя Еўрапарламента па Беларусі, расказвае еўрадэпутат Габрыэлюс Ландсбергіс
Еўрарадыё: Да сёлетніх выбараў у Еўрапарламент вы не былі заўважаныя ў вялікай палітыцы — абранне еўрадэпутатам ад Літвы стала для вас нечаканасцю?
Габрыэлюс Ландсбергіс: Сапраўды, да гэтага я амаль 11 гадоў працаваў у МЗС, а пасля амаль 4 гады ў камандзе прэм’ер-міністра (Андруса Кубілюса — Еўрарадыё), у аддзеле замежных спраў. Такім чынам, я заўжды быў побач з палітыкай, побач з палітыкамі, таму само “ўваходжанне” ў палітыку для мяне не стала нечаканым. Калі ж казаць пра гэтыя выбары, то тут галоўнай была вельмі моцная выбарчая кампанія. Я сустрэўся з тысячамі людзей і казаў пра тое, што для іх самае галоўнае цяпер. Галоўнымі былі тэмы крызісу ва Украіне, агрэсія Расіі і тое, як нам абараняць сваю краіну, ці абароніць нас NATO. Думаю, што я знайшоў спосаб падаць сябе людзям. Скажам так, перамога не стала зусім ужо нечаканасцю, але ўсё адно перамагчы было прыемна. Праўда, разумею, што ў гэтым і вялікая адказнасць.
Еўрарадыё: Ці магчыма, што людзі галасавалі не за вас, не за тое, з чым вы да іх прыйшлі і што казалі, а за вашае прозвішча, за памяць пра вашага знакамітага дзеда — Вітаўтаса Ландсбергіса?
Габрыэлюс Ландсбергіс: Разумееце, у Літве няма такога, што ўсе абавязкова будуць галасаваць за маё вядомае прозвішча. Людзі, якія ведаюць гэтае прозвішча, павінныя былі ўпэўніцца, што я таксама кажу правільныя рэчы. З такім прозвішчам мне было лягчэй зацікавіць людзей прыйсці і паслухаць, што я буду казаць. Але тое, як і што я кажу, — гэта мая справа. І я павінен быў пераканаць іх, што я — гэта не толькі прозвішча.
Еўрарадыё: Відаць, няпроста адпавядаць той планцы ў палітыцы, якую паставіў ваш знакаміты дзед?
Габрыэлюс Ландсбергіс: Не толькі ў палітыцы. Гэтае адчуванне пераследуе мяне ўсё жыццё. І ў школе, і ва ўніверсітэце ўсе нібыта задавалі сабе пытанне: “Ці такі ён, як яго дзядуля?” Мяне заўжды мералі па ім.
У цэнтры -- Вітаўтас Ландсбергіс
Еўрарадыё: Вы ішлі на выбары па партыйным спісе, ад партыі свайго былога кіраўніка, кансерватара Кубілюса. Але ж вы чалавек малады. Вы сапраўды прытрымліваецеся кансерватыўных поглядаў? Прызнайцеся, хто вы на самай справе па “палітычным веравызнанні”.
Габрыэлюс Ландсбергіс: Калі б я не быў кансерватарам, я не быў бы ў гэтай партыі — усё проста. Але ў партыі ёсць розныя погляды на розныя пазіцыі. Калі казаць пра пытанні бяспекі, то тут мае погляды блізкія да так званых “ястрабаў”. Я кажу пра неабходнасць выдаткавання большых грошай на абарону, пра разгортванне базаў NATO ў Літве і неабходнасць размяшчэння сістэм ракетнай абароны. Імаверна, што ў нашай партыі не ўсе думаюць так, як я, але мне падаецца гэта нармальным.
Еўрарадыё: Ведаю, што кіраўнік вашай партыі спадар Кубілюс, як кажуць, “трымае на кантролі беларускае пытанне”. А наколькі вы ў гэтай тэме?
Габрыэлюс Ландсбергіс: Асабіста для мяне “беларускае пытанне” вельмі важнае. Але я не займаўся беларускай тэмай падчас працы ў МЗС — цікавіўся вашай краінай самастойна. Па шчырасці, увесь гэты рэгіён, у які ўваходзяць Беларусь, Украіна, Грузія і іншыя краіны, мне не проста цікавы — я перажываю за гэтыя краіны. Хаця б таму, што і ў інтарэсах Літвы, каб гэтыя краіны былі дэмакратычнымі і свабоднымі.
Габрыэлюс Ландсбергіс падчас сустрэчы з выбаршчыкамі
Еўрарадыё: У новым складзе Еўрапарламента досыць шмат прадстаўнікоў правых, ультраправых, радыкальных партый. Як гэта адаб’ецца на працы парламента, на яго пазіцыі?
Габрыэлюс Ландсбергіс: Адразу скажу, што не трэба ставіцца да іх прысутнасці ў Еўрапарламенце як да нечаканасці — радыкалы заўжды былі сярод еўрапарламентарыяў. І яны заўжды стараліся там нешта сваё давесці, нешта зрабіць, але з гэтага не было ніякага рэальнага эфекту. Праўда, сёння іх стала крыху больш па колькасці, і я лічу, што гэта адна з перамог Пуціна, Крамля. У Еўрапарламенце і прыхільнікаў Ле Пэн, і іншых радыкалаў стала больш (сярод еўрапейскіх правых шмат тых, хто падтрымлівае палітыку Пуціна — Еўрарадыё). Але мне падаецца, што нескладана будзе знайсці спосаб іх маргіналізаваць, каб яны не перашкаджалі прымаць рашэнні, актуальныя на сённяшні дзень, і каб не перашкаджалі Еўрапарламенту выказваць “адным голасам” сваю пазіцыю наконт Расіі, Украіны, Беларусі ды іншых.
Еўрарадыё: Дарэчы, як вы ставіцеся да нацыянальнай палітыкі Літвы ў дачыненні да Беларусі і як, на вашую думку, яна павінная выглядаць у будучыні?
Габрыэлюс Ландсбергіс: Я думаю, што для Літвы гэта адно з самых складаных замежных пытанняў — знайсці спосаб працаваць з Мінскам. Цяпер, мне падаецца, афіцыйная пазіцыя Вільні знайшла баланс, але паглядзім, што будзе ў 2015 годзе, калі ў Беларусі будуць праходзіць прэзідэнцкія выбары. Літва — адна з тых краін, якія будуць вельмі ўважліва сачыць за тым, як там усё будзе праходзіць, што будзе адбывацца з палітычнымі апанентамі ўлады.
Еўрарадыё: Афіцыйны Мінск цяпер спрабуе чарговы раз наладзіць адносіны з Захадам. Як вы лічыце, ці паверыць Еўропа ў шчырасць кіраўніка Беларусі?
Габрыэлюс Ландсбергіс: Усім вядома пра існаванне спісу патрабаванняў, якія афіцыйны Мінск павінен выканаць для таго, каб з ім пачалі сур’ёзна размаўляць. Я разумею, чаму афіцыйны Мінск цяпер стараецца наноў наладзіць кантакт з Еўропай — яму таксама не вельмі падабаецца тое, як развіваюцца падзеі ва Украіне. Але найперш Лукашэнка мусіць выканаць усе пункты “дамашняй работы”.
Еўрарадыё: Вы часам не еўраскептык? Іх даволі шмат у новым Еўрапарламенце. І як вы ацэньваеце перспектывы “Усходняга партнёрства”?
Габрыэлюс Ландсбергіс: Не, я не толькі не лічу сябе еўраскептыкам, але і вельмі далёкі ад такіх поглядаў. Мне падаецца, што цяпер Еўрасаюз можа шмат чаго дасягнуць, у пытаннях энергетычнай незалежнасці, да прыкладу. Дарэчы, для Літвы пытанне энергетычнай незалежнасці вельмі важнае. Што да “Усходняга партнёрства”, то я ўпэўнены, што новы Еўрапарламент дасць моцны імпульс працы з Украінай, Беларуссю, Малдовай, Грузіяй. Мы будзем шукаць новыя метады для партнёрства. Калі вас цікавіць пытанне, ці будзе інтарэс з боку новых еўрапарламентарыяў да Беларусі, то магу адразу сказаць — увага будзе. Ці будзе пазіцыя Еўрапарламента адносна Беларусі рабіцца больш жорсткай — паглядзім. Будзем глядзець, што адбываецца ў Мінску і што будзе адбывацца ў вас у 2015 годзе.
Еўрарадыё: Ці вызначыліся вы, у які камітэт, парламенцкую дэлегацыю вы хацелі б увайсці?
Габрыэлюс Ландсбергіс: Самыя блізкія мне — камітэт замежных спраў альбо камітэт энергетыкі. Я раней працаваў менавіта ў гэтых сектарах і хацеў бы працаваць у будучыні.
Еўрарадыё: Няма жаданне ўвайсці ў дэлегацыю па Беларусі?
Габрыэлюс Ландсбергіс: Я б… падумаў на гэты конт. Паглядзім па сітуацыі. Пакуль рана пра гэта казаць (працаваць новыя парламентарыі пачынаюць з 1 ліпеня — Еўрарадыё), але калі такая прапанова будзе, то я дакладна падумаю пра такі варыянт.
Еўрарадыё: Як да вашай перамогі паставіўся ваш знакаміты дзядуля — дэпутат Еўрапарламента мінулага склікання Вітаўтас Ландсбергіс — і вашая сям’я?
Габрыэлюс Ландсбергіс: Гэтым разам Вітаўтас Ландсбергіс у дэпутаты Еўрапарламента не балатаваўся, а мяне з перамогай ледзь не першы павіншаваў. Што да сям’і, то яны да таго, што я цяпер шмат часу вымушаны буду праводзіць паміж Бруселем, Страсбургам і домам, паставіліся… з асцярожным аптымізмам, скажам так.
Габрыэлюс Ландсбергіс з жонкай і дзецьмі
Фота: з архіва Габрыэлюса Ландсбергіса