Урач-інфекцыяніст: Нельга разбіць адзін аднаму нос і заразіцца ВІЧ
1 снежня спаўняецца 30 гадоў з моманту правядзення першага Сусветнага дня барацьбы са СНІДам. Еўрарадыё паразмаўляла з лекарам-інфекцыяністам, кандыдатам медыцынскіх навук, дацэнтам БелМАПА Мікалаем Галабародзькам пра тое, чаму не варта баяцца ВІЧ-пазітыўных людзей, што дасць адмена крыміналізацыі перадачы ВІЧ і ці будзе вынайдзеная вакцына, якая пераможа хваробу.
Еўрарадыё: У ХХ стагоддзі ВІЧ называлі чумой. Сёння гэта хранічная інфекцыя, якая кантралюецца. Што гэта значыць?
Мікалай Галабародзька: З 1998 года ВІЧ-станоўчых людзей пачалі лячыць сучаснай трохкампанентнай антырэтравіруснай тэрапіяй. Яна пакуль не дазваляе выдаліць вірус з арганізма цалкам, але існуе маса хвароб, якія нельга перамагчы. Напрыклад, артэрыяльная гіпертэнзія, цукровы дыябет. ВІЧ — адна з іх. Тэрапія дазваляе кантраляваць захворванне, і чалавек, які атрымлівае лячэнне, ніколі не патрапіць у стадыю імунасупрэсіі, ён становіцца практычна незаразным — бяспечным для навакольных.
Заразнасць людзей з ВІЧ — гэта міф
Еўрарадыё: Многія да гэтага часу лічаць, што ВІЧ/СНІД — заразная хвароба, ад яе можна памерці...
Мікалай Галабародзька: Людзі з ВІЧ паміраюць у тым жа ўзросце і ад тых жа праблем, што і іх суседзі без ВІЧ. Заразнасць — таксама з разраду міфаў.
Чалавек, які атрымлівае тэрапію, практычна перастае быць заразным. Ёсць формула, якая называецца "Н = Н", гэта значыць, "невызначальнае = не заразнае". Гэта значыць, што чалавек на фоне тэрапіі, якая падаўляе вірус, мае невызначальны тэстамі ўзровень віруснай нагрузкі ў крыві. Гэта значыць, вірусная нагрузка становіцца нулявой. Няма віруса — няма заразнасці.
У побыце ВІЧ не перадаецца. Нават калі ВІЧ-інфекцыю не лячыць, заразнасць маюць толькі тры групы біялагічных вадкасцяў — гэта кроў, палавыя сакрэты (сперма і вагінальная вадкасць) і грудное малако. Калі мы кажам пра кроў, дык кроў павінна патрапіць непасрэдна ў кроў, напрыклад, з іголкай наркаспажыўца. Але нельга разбіць адзін аднаму нос і заразіцца ВІЧ.
Шляхі заражэння ВІЧ-інфекцыяй ўсім вядомыя. Гэта наркаспажыванне, палавы шлях і перадача ад маці да дзіцяці ўнутрыўтробна ці з грудным малаком. Пры гэтым, калі ВІЧ-станоўчы чалавек прымае тэрапію, вірус практычна не перадаецца ні палавому партнёру, ні дзіцяці ад маці. Ні ў лазні, ні ў цырульні, ні пры кантакце з посудам, ні з ручніком ВІЧ-інфекцыя не перадаецца нават блізка.
Людзям з ВІЧ забаронена працаваць у дэпартаменце фінансавых расследаванняў камітэта дзяржкантролю
Еўрарадыё: Людзі з ВІЧ сутыкаюцца з мноствам забарон, якія іх дыскрымінуюць...
Мікалай Галабародзька: Яны спароджаныя эмацыйнымі рэакцыямі грамадства на слова ВІЧ... Многія думаюць, што ВІЧ-інфекцыяй можа заразіцца толькі прадстаўнік нейкай уразлівай групы — ніхто не хоча асацыяваць сябе з “наркаманам” або “прастытуткай”. Гэтыя эмоцыі — страх, сорам, прыводзяць да стыгматызацыі самога слова ВІЧ. Усе гэтыя страхі ў свой час і спарадзілі забароны. Чым толькі нельга займацца людзям з ВІЧ! Пачынаючы з таго, што дзецям забаронена хадзіць у спартыўныя класы, заканчваючы тым, што людзям нельга працаваць у дэпартаменце фінансавых расследаванняў камітэта дзяржкантролю. Ад нейкіх забарон мы сыходзім. Напрыклад, раней ВІЧ-інфекцыя была ў спісе медыцынскіх паказанняў да перапынення цяжарнасці, цяпер гэта прыбралі. Цяпер чарга за усынаўленнем — гэта адчувальны для людзей, якія жывуць з ВІЧ, момант...
Застаюцца забароны, з якімі трэба расстацца ў бліжэйшы час, і самая вялікая — гэта крыміналізацыя ВІЧ. Пастаноўка іншых людзей пад небяспеку заражэння крыміналізаваная. І што такое "пастаноўка пад небяспеку заражэння" выразна нідзе не прапісана. Секс у дыскардантнай пары, дзе адзін партнёр "станоўчы", другі "адмоўны" — гэта ўжо пастаноўка пад небяспеку заражэння, і чалавек можа быць прыцягнуты па артыкуле.
Наяўнасць крыміналізацыі ВІЧ-інфекцыі служыць бар'ерам для ўключэння некаторых груп у тэрапію. Напрыклад, да жанчын секс-бізнесу прыйдзе аўтрыч-работнік [чалавек, які ўсталёўвае кантакты і даносіць інфармацыю пра сродкі прафілактыкі да закрытых сацыяльных груп у звыклых для іх месцах, — Еўрарадыё], зробіць хуткi тэст па сліне, убачыць, што тэст на ВІЧ станоўчы , і скажа: "Ідзі да інфекцыяніста, стань на ўлік, атрымлівай тэрапію", гэта значыць, стань незаразнай і не заразі сваіх кліентаў.
Крыміналізацыя ВІЧ перашкаджае "дзяўчыне з трасы" пачаць лячэнне
Таму што пры паведамленні дыягназу яна распішацца, што атрымала інфармацыю пра наяўнасць крымінальнай адказнасці за заражэнне і пастаўленне пад небяспеку заражэння. І ў наступны раз, калі яе ўбачаць міліцыянты, яна не абыдзецца штрафам, бо калі яна будзе стаяць на ўліку ў інфекцыяніста, для яе наступіць момант крымінальнай адказнасці. Выходзіць, што норма, якая быццам бы закліканая абараніць людзей неінфіцыраваных, у дадзеным выпадку з'яўляецца бар'ерам для таго, каб "дзяўчына з трасы" пайшла да інфекцыяніста, атрымлівала тэрапію і перастала заражаць сваіх кліентаў.
ВІЧ-пазітыўны чалавек можа пражыць даўжэй, чым чалавек без ВІЧ
Еўрарадыё: Нярэдка ў навінах з'яўляецца інфармацыя, што навукоўцы вынайшлі вакцыну ад ВІЧ. Наколькі яны блізкія да стварэння прэпарата, які мог бы цалкам вылечыць ад хваробы?
Мікалай Галабародзька: ВІЧ-інфекцыя вядомая з 1981 года, калі яе апісалі як захворванне. У 1983 годзе навукоўцы зразумелі, што гэтае захворванне выклікае ВІЧ. За гэтыя гады, а па сусветным маштабе гэта не так шмат гадоў, па ВІЧ-інфекцыі было зроблена вельмі шмат адкрыццяў. У свеце хапае захворванняў, якія не маюць лячэння або лечацца дрэнна, а сучасная антырэтравірусная тэрапія дазваляе чалавеку з ВІЧ жыць доўга, шчасліва і мець працягласць і якасць жыцця такія ж, як у чалавека без ВІЧ-інфекцыі.
Некаторыя заходнія калегі лічаць, што наяўнасць ВІЧ ў чалавека прымушае яго часам заходзіць да доктара, атрымліваць больш медыцынскагай увагі і парады, як сачыць за іншымі хранічнымі хваробамi. Дзякуючы гэтаму, ВІЧ-пазітыўны чалавек мае шанцы пражыць даўжэй, чым калі б у яго не было ВІЧ...
Да поўнага вылячэння мы пакуль не прыйшлі
Але, дзякуючы грошам, якія вылучаюць шматлікія фонды, і фундаментальным даследаванням у імуналогіі і іншых галінах, крочылі наперад. Мяне, інфекцыяніста, ВІЧ-інфекцыя навучыла аказанню дапамогі пацыенту з хранічнай паталогіяй. Да ВІЧ мы лячылі ў асноўным вострыя інфекцыі, вылечылі — і забыліся пра існаванне пацыента. Цяпер я ведаю, што такое сямейна-арыентаваны падыход, калі ВІЧ ў бацькоў і дзіцяці, што такое прыхільнасць да тэрапіі і як дапамагчы чалавеку піць лекі як трэба, без пропускаў. Ведаю, як чалавеку, які сутыкнуўся з горам, дапамагчы прыняць дыягназ і пачаць рабіць нейкія прадуктыўныя рэчы.
Што тычыцца поўнага вылячэння ад ВІЧ-інфекцыі, роўна як і з'яўлення вакцыны ад ВІЧ, на жаль, на цяперашні момант у нас няма ўяўлення, як гэта можна зрабіць. Складана распрацаваць вакцыну ад ВІЧ-інфекцыі, таму што ў прыродзе не існуе механізму, які прыводзіў бы да выпрацоўкі нейкіх ахоўных фактараў ад ВІЧ-інфекцыі: антыцелы ад віруса не абараняюць. І перад людзьмі, якія займаюцца даследаваннямі ў галіне вакцыналогіі, стаіць вялікі выклік: якую прымяніць тэхналогію, каб яна працавала лепш, чым прыродныя механізмы. Усё гэта складана, але пры гэтым я аптыміст. Гляджу, які прагрэс дасягнуты за 35 гадоў, і гэта дае мне падставы спадзявацца, што прарывы будуць здарацца і далей. Пакуль той максімум, які мы маем — гэта антырэтравірусная тэрапія, якая стала бяспечнай, простай ў прыёме.
Схема тэрапіі з адной таблеткай каштуе крыху больш за сто долараў на год
Еўрарадыё: У колькі абыходзіцца дзяржаве тэрапія для аднаго чалавека са станоўчым ВІЧ-статусам?
Мікалай Галабародзька: Цяпер у Беларусі ёсць схема тэрапіі, якая змяшчаецца ў адной таблетцы — гэта значыць, прымаць трэба таблетку ў дзень. У Кітаі зарэгістраваны прэпарат для больш рэдкага ін'екцыйнага ўвядзення, але астатні свет пакуль не разумее, ці працуе ён гэтак жа эфектыўна, як сучаснае лячэнне. Гэты прэпарат ўводзіцца ўнутрыцяглiчна адзін раз на тыдзень. Прарывы будуць, і лячэнне будзе спрашчацца далей.
Спачатку чалавек атрымлівае тэрапію першай лініі — гэта самая лепшая схема, самая магутная, самая простая і бяспечная. Схема з двух таблетак на суткi каштуе крыху больш за сто долараў на год, з двума — 235 долараў. Калі чалавек рабіў пропускі ў прыёме, і гэта прывяло да ўстойлівасці віруса, то мы пераходзім на схемы другога, часам трэцяга шэрагу. Гэтыя схемы каштуюць нашмат даражэй — ад 800 да 2500 долараў на год. Лепшую схему мы стараемся даць пацыенту адразу — прэпараты першай лініі. Аптымальна, каб чалавек прымаў яе на працягу жыцця. Калі здараюцца праблемы, мы мяняем яе на наступныя схемы, але ў іх трэба прымаць большую колькасць таблетак, там больш пабочных эфектаў, і яны часта не такія лёгкія.
"Лячыць ВІЧ курыным супам"
Еўрарадыё: Ці ёсць людзі з ВІЧ, якія адмаўляюць хваробу?
Мікалай Галабародзька: Чалавек, сутыкаецца з праблемай, да яе прыняцця праходзіць пэўныя псіхалагічныя стадыі: шок, адмаўленне, агрэсію, дэпрэсію, здзелку і прыняцце. Стадыю адмаўлення праходзіць кожны чалавек, які даведваецца пра свой ВІЧ-станоўчы статус. Некаторыя могуць "завіснуць" у гэтай стадыі, знаходзіцца ў ёй гадамі і нават ўсё жыццё. Мы іх называем СНІД-дысідэнтамі. СНІД-дысідэнтаў, на самай справе, не шмат. Шмат тых, хто завісае ў стадыі ўнутранай агрэсіі і адчувае віну, якая замінае ім рабіць нейкія крокі да выздараўлення. Ёсць тыя, хто знаходзіцца ў стадыі здзелкі, маўляў, так, у мяне ёсць ВІЧ-інфекцыя, але ўсё жыццё прымаць тэрапію — гэта складана і непрыемна, можа, ёсць больш простыя спосабы? Чалавек у здзелцы можа сказаць: "Доктар, не буду прымаць вашу тэрапію, а сяду на дыету або буду лячыць ВІЧ курыным супам". У мяне нават ёсць кніга з такой назвай.
У Беларусі ВІЧ-інфекцыя знаходзіцца ў канцэнтраванай стадыі, як і ў большасці краін свету. Для яе характэрны выхад ВІЧ-інфекцыі з уразлівых груп на агульную папуляцыю. Асноўным шляхам перадачы становіцца палавы шлях, захворваюць не людзі са стыгматызуючымі назвамі "наркаманы" і "прастытуткі", а людзі любога ўзросту і сацыяльнага становішча.