Урад Нямеччыны: Навальнага атруцілі рэчывам з групы "Навічок"
Урад Нямеччыны заявіў, што Аляксей Навальны падвергнуўся ўздзеянню рэчыва з групы "Навічок".
"Па ініцыятыве [клінікі] Charite спецыяльная лабараторыя Бундэсвера правяла таксікалагічнае даследаванне аналізаў Аляксей Навальнага. Пры гэтым былі выяўленыя доказы, што не выклікаюць сумненняў, прысутнасці хімічнага нервова-паралітычнага атрутнага рэчыва з групы "Навічок", — заявіў на прэс-канферэнцыі афіцыйны прадстаўнік кабінета міністраў ФРГ Штэфен Зайберт.
Навальны быў шпіталізаваны ў Омску 20 жніўня пасля таго, як яму стала кепска на борце самалёта. Расійскі апазіцыянер знаходзіўся ў стане комы і быў падлучаны да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. Пазней ён быў дастаўлены ў Берлін і змешчаны ў клініку Charite. Лекары гэтай клінікі паведамілі, што Навальный працягвае заставацца ў штучнай коме, а ў яго крыві знойдзеныя сляды інтаксікацыі.
Менавіта газам “Навічок” у 2018 годзе ў брытанскім горадзе Солсберы былі атручаныя былы супрацоўнік ГРУ Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія. У гэтым атраўленні падазраюцца афіцэры расійскай ваеннай разведкі Анатоль Чапіга і Аляксандр Мішкін.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.