Урад Беларусі збіраецца размясціць ў Расіі аблігацыі больш як на $1 млрд
Маскоўская біржа / РИА Новости
Аляксандр Лукашэнка даручыў Саўміну правесці эмісію на тэрыторыі Расіі дзяржаўных каштоўных папераў на суму да 100 млрд расійскіх рублёў — каля 1,35 млрд долараў ЗША. Гэта ў некалькі разоў больш, чым змясцілі на фінансавым рынку РФ летась.
Мэта выпуску каштоўных папераў — рэфінансаванне знешняй дзяржаўнай пазыкі Беларусі. Тэрмін звароту аблігацый — не меней за тры гады. Атрыманыя сродкі будуць залічацца на банкаўскі рахунак Міністэрства фінансаў Беларусі, адкрытых у расійскім “Газпрамбанку”.
У лютым кіраўнік мінфіна Беларусі Юры Селіверстаў казаў, што краіна разглядае магчымасць размяшчэння дзяржаблігацый на Маскоўскай біржы ў 2021 годзе.
"Пра размяшчэнне еўрабондаў пакуль казаць рана. Мы думаем пра тое, каб вярнуцца сёлета на Маскоўскую фінансавую біржу", — казаў міністр.
Летась Беларусь размясціла свае дзяржаблігацыі на 10 мільярдаў расійскіх рублёў на фінансавым рынку РФ, пісала РІА Навіны. У сярэдзіне 2019 года наша краіна таксама размясціла ў Расіі два выпускі аблігацый агульным аб'ёмам у 10 мільярдаў рублёў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.