Усе да абменнікаў? Чаго беларусам чакаць ад падзення расійскага рубля
ЗША ўвялі новыя эканамічныя санкцыі супраць Расіі, і гэта імгненна адбілася на курсе расійскага рубля. Па інфармацыі Цэнтрабанка РФ, за два дні курсы долара і еўра ў Расіі выраслі на некалькі рублёў. Крызіс імгненна перадаўся ў Беларусь: долар і еўра таксама пачалі расці, а расійскі рубель падае — і адносна іх, і адносна беларускага рубля.
Да чаго гэта можа прывесці і як адаб'ецца на беларускай эканоміцы і шараговых беларусах, тлумачыць старшы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб.
Як падзенне курса расійскага рубля ўплывае на курс беларускага
Моцнае падзенне расійскага рубля прыводзіць да стандартнай і імгненнай рэакцыі беларускага валютнага рынка — долар і еўра адносна беларускага рубля растуць, а расійскі рубель падае. Так было ўчора, і такую ж карціну мы назіраем падчас сённяшніх таргоў. З пункту гледжання валютнага кошыка беларускі рубель умацоўваецца. А ўсё таму, што расійскі рубель у валютным кошыку займае 50%, і падзенне расійскага рубля да беларускага пераважвае рост долара і еўра.
Як падзенне расійскага рубля адаб'ецца на беларускай эканоміцы
Калі падзенне расійскага рубля адносна беларускага працягнецца, пацерпіць і беларуская эканоміка, і беларускі валютны рынак. У Расію ідзе вялікая частка беларускага экспарту, ад “малочкі” да самазвалаў. Падзенне расійскага рубля адносна беларускага робіць беларускую прадукцыю на расійскім рынку больш дарагой і менш канкурэнтаздольнай.
Але калі ў найбліжэйшы час падзенне расійскага рубля спыніцца, глабальных наступстваў для беларускай эканомікі можа і не быць.
Ці выгаднае падзенне курса расійскага рубля шараговым беларусам
Калі падзенне курса расійскага рубля працягнецца, можа ўзнікнуць сітуацыя, аналагічная той, што была ў 2014 годзе, калі беларусы паехалі ў Расію па “танныя” аўтамабілі і электратэхніку. Праўда, у 2014 годзе гэтае паломніцтва беларусаў у Расію пачалося пасля таго, як расійскі рубель упаў адносна беларускага больш як на 30%. Цяпер жа, па выніку двух дзён, расійскі рубель адносна беларускага ўпаў на 4%.
У якой валюце лепш захоўваць свае зберажэнні
Пасля таго як у 2014 годзе Расія зрабілася аб'ектам санкцый, стала зразумела, што расійская валюта — рызыкоўны аб'ект для захоўвання зберажэнняў. Сёння мы маем дадатковае пацверджанне гэтаму. Таму дэпазіт лепш захоўваць у беларускіх рублях, а кэш дзяліць паміж доларам і еўра.
Ці чакаць далейшага падзення курсу расійскага рубля
Цалкам імаверна, што сёння падзенне расійскага рубля спыніцца. І ўжо ад заўтра курс расійскага рубля можа стабілізавацца — як да долара і еўра, так і да беларускага рубля. Але ёсць і пэўная нявызначанасць з прычыны санкцый: вядома, што ўжо актыўна абмяркоўваюцца новыя санкцыі праз датычнасць Расіі да хімічных атак у Сірыі. І будучыня расійскага рубля залежыць ад узроўню санкцый — будуць яны “плюшавымі” ці такімі ж эфектыўнымі, як пятнічныя.
Ці будзе Нацбанк рэгуляваць курсы, калі падзенне расійскага рубля працягнецца
Гэта малаімаверна. У нас “плаваючы” курс, і асаблівасць яго ў тым, што рынак сам сябе збалансуе і скарэктуе. Калі расійскі рубель рэзка абваліцца адносна беларускага, беларусы павялічаць попыт на валюту дзеля пакупак у Расіі. Паступленні валюты з Расіі захаваюцца, і ўжо беларускі рубель пачне падаць адносна расійскага, выраўняецца з ім. У той жа час працягнецца рост курсаў долара і еўра. Тое ж было на мяжы 2014 і 2015 гадоў.