Аляксандр Лукашэнка расказаў, што будзе з курсам рубля
Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў сваіх апанентаў у жаданні абваліць фінансавы рынак. Заява прагучала на нарадзе 27 жніўня. "Цяпер ужо ў адкрытую нашы ўнутраныя нягоднікі заклікаюць дэстабілізаваць фінансавы рынак. Некаторыя людзі ж гэтаму паддаюцца — валюту з банкаў забраць і гэтак далей", — перадае БЕЛТА яго словы.
Далей прагучалі абяцанні не стрымліваць курс рубля і пры гэтым не дапусціць абвалу валюты: "Мы не дапусцім абвалу нацыянальнай валюты. Калі народ хоча купіць долар — на здароўе, ён сёння каштуе колькі каштуе. У нас плаваючы курс: попыт вялікі — значыць, даражэй будзе гэты долар або еўра, попыт меншы — значыць, будзе танней каштаваць. Мы, учапіўшыся рукамі, не стрымліваем курс рубля".
Беларускі кіраўнік заявіў, што Нацбанк выканаў ягонае распарадэжнне, дадзенае тры месяцы таму — вярнуў у краіну золатавалютныя рэзервы. Таму, па яго словах, катастрофы няма.
Пры гэтым Лукашэнка прызнаўся, што ў абменніках няма валюты. "Але гэта заўсёды бывае, калі павышаны попыт. Я даручыў Нацыянальнаму банку, каб мы маглі пазбегнуць падобнай сітуацыі", — заявіў ён.
Таксама кіраўнік дзяржавы паведаміў, што афіцыйны Мінск вядзе з Крамлём перамовы наконт рэфінансавання пазыкі ў 1 мільярд долараў. Перамовы адбываюцца на ўзроўні прэм'ер-міністраў. За кошт гэтай сумы Лукашэнка спадзяецца ўтрымаць беларускі фінансавы рынак.
Апошнімі днямі курс усіх асноўных валют у Беларусі пастаянна расце. Па стане на 27 жніўня курс долара ЗША паводле Нацбанка вырас да 2,6612 беларускага рубля, курс еўра — да 3,1490 беларускага рубля. За 100 расійскіх у Нацбанку даюць 3,5413 беларускага. У абменніках камерцыйных банкаў курсы істотна вышэйшыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.