Усевалад Сцебурака VS Віктар Марціновіч

Паслухаць гарачую дыскусію можна тут: 120410 SceburakaMarcinovi4_site.mp3

Паэт Усевалад Сцебурака ў сваім запісе ў блогу называе тых, каму зараз 30 (+ - 5 год) прадстаўнікамі апошняга пакалення беларусаў. За ім — толькі пакаленне грамадзянаў РБ. Яму пярэчыць журналіст Віктар Марціновіч, які сцвярджае, што мы — пакаленне першых, хто пабачыў незалежнасць. І ганарыцца новай генерацыяй беларусаў. 

Еўрарадыё: Спадар Усевалад, ці не падаецца вам, што кожнае пакаленне лічыць сябе асаблівым, выключным і апошнім?


Усевалад Сцебурака: Я не думаю, што кожнае пакаленне лічыць сябе апошнім. Кожнае пакаленне мусіць нараджаць наступнае і верыць у яго. Так адбываецца ў жывёльным свеце і, натуральна, у чалавечым. Надта заможныя і багатыя людзі ў рэшце рэшт прыходзяць да высновы, што ўсё ж такі трэба нешта некаму пакінуць. Гэта акурат сцверджанне таго, што кожнае пакаленне думае пра наступнае. Яно можа думаць добра, можа думаць дрэнна, але яно не лічыць сябе апошнім. І гэта натуральна, нараджаюцца ж людзі. Я не сцвярджаў “лепшасці”, выключнасці пакалення — а толькі той момант, што яно па сутнасці пакаленне страчанае, яно апошняе беларускае пакаленне. Вось гэтую думку я выказаў у сваім артыкуле.

Віктар Марціновіч: Мне здаецца, мы не толькі не апошняе, мы нават яшчэ і не першае беларускае пакаленне. Мая прынцыповая пазіцыя палягае на тым, што беларускае пакаленне — гэта тыя людзі, якія нарадзіліся ў незалежнай Беларусі, нарадзіліся пасля 1991 года, тыя хлопчыкі ды дзяўчынкі, якім зараз 20 гадоў, якія ўжо пачынаюць нешта рабіць, іх чутно, іх бачна, яны вельмі прыгожыя. І я вельмі шчаслівы, што яно менавіта такое, гэтае пакаленне.

Еўрарадыё: Спадар Віктар, адна з праблемаў, узнятых у артыкуле “Пакаленне LAST”, — выезд моладзі з Беларусі, эміграцыя. Ці не падаецца вам, што сапраўды няма каму працягваць справу беларушчыны, незалежна ад таго, як назваць гэтае пакаленне?


Віктар Марціновіч: У мяне ёсць любімы амерыканскі фільм 2011 года, ён называецца “Іншая Зямля”. Там дзяўчынка ляціць у космас, каб засвоіць копію Зямлі, вельмі падобную ўласна да Зямлі. Яна кажа: тыя людзі, што адкрывалі Амерыку, рабілі вынаходніцтвы ў Сярэднявеччы, былі не найлепшымі, а найгоршымі. Маўляў, ва ўсе часы з краіны засвойваць новыя землі, заваёўваць свет выязджалі найгоршыя — былыя асуджаныя, прыгоднікі, раздзяўбаі. А з Беларусі з’язджаюць найлепшыя — самыя актыўныя, тыя, у каго ёсць “цвік у задніцы”. Гэта дрэнна. Аднак частка гэтых найлепшых застаецца. І для мяне тыя, хто застаецца, — лепшыя за тых найлепшых, што з’язджаюць. Катэгарычна не пагаджуся з тым, што ў рэшце рэшт усе з’едуць і не будзе каму рабіць новую Беларусь. Я меў досвед працы і жыцця ў Вільні, зараз маю досвед сталага жыцця ў Беларусі. Магу параўноўваць. Сапраўды вельмі добрая туса ў Вільні, вельмі прыемныя людзі ў Варшаве. Аднак я адчуваю сябе добра менавіта ў Беларусі, таму што тут наш край, тут наша ўсё. Тут мае сябры, тут суполка людзей, якія, можа, і не гавораць па-беларуску, сярод маіх сяброў такіх не шмат, аднак яны сапраўдныя беларусы. Якой будзе Беларусь — залежыць менавіта ад іх. Таму сцверджанне, што тыя, хто з’ехаў, звязе з сабой Беларусь, — бязглуздае. Бо Беларусь — гэта тое, дзе мы жывем тут. Гэта Мінск, гэта тэрыторыя. Хутчэй можна сказаць, што Беларусь застанецца.

Еўрарадыё: Але ці не здаецца вам, што Беларусь застанецца без беларускай мовы, без беларушчыны?


Віктар Марціновіч: Пытанне пра мову з’яўляецца даволі балючым. Аднак здаецца, той статус, які мае мова зараз, гарантуе, што пэўная частка моладзі будзе размаўляць на мове. Калі я быў юнаком, сярод нас лічылася, што беларуская мова — прыкмета калгаснасці, сялянскага паходжання. Зараз беларуская мова — хутчэй, гэта маркер апазіцыйнасці, нейкіх пратэстных поглядаў. Для моладзі натуральна, што ёсць частка нонканфармістаў, якія будуць схіляцца да мовы, менавіта каб маніфеставаць уласную пратэстнасць, рэвалюцыйнасць. Гэта вельмі добра.

Еўрарадыё: Спадар Усевалад, прачытаўшы адказ Віктара Марціновіча на ваш артыкул, у чым-небудзь вы можаце з ім пагадзіцца?


Усевалад Сцебурака: Скажу шчыра: я зразумеў асноўны мэсэдж, крыўду за тое пакаленне, якога, як я палічыў, не будзе. Але я не пабачыў доказаў. Спасылкі на паважаную спадарыню Палажанку ці Дашкевіча, дарэчы майго равесніка, няслушныя, бо гэта выключэнні. Наконт таго, ці добра, ці прыгожа пераймяноўвацца з Віктара ў Вітаўта — я пісаў проста пра псеўданім Альгерд. Там шмат рэчаў, якія няслушна нават не тое што вырваныя з кантэксту, а проста прыдуманыя. Размова там ішла абсалютна пра іншае. Адзінае, з чым я рэальна згодны, гэта з фразай, што мы можам не дачакацца той будучыні, якая будзе. Я сам так і напісаў, што мы гэтага можам не пабачыць. Мы будзем паміраць павольна, магчыма пакінем па сабе нейкія сляды, але наўрад ці. Маё пытанне палягала менавіта ў беларускасці Беларусі. Не ў выездзе кудысьці — я пісаў не пра тое, што добрыя з’ехалі ці дрэнныя засталіся. Проста многія з’язджалі з марамі вярнуцца сюды, акцэнт быў такі наконт эміграцыі. А пытанне было ўласна пра беларускую Беларусь. Нічога не здарыцца з гэтай тэрыторыяй, яна будзе, дзірка ў зямлі не атрымаецца. І насельніцтва будзе. Але ці будуць гэта беларусы? Наконт таго, што беларускасць калісьці была “калгаснасцю”, а зараз гэта апазіцыйнасць — і тое, і тое балючыя параўнанні. Таму што ў прынцыпе гэта рэзерват — і раней, і зараз. Калі чалавек карыстаецца беларускай мовай з апазіцыйнасці, гэта не паказчык яго любові да Айчыны ці беларускасці.

Еўрарадыё: Дык, можа, няхай “пакаленне LAST” застаецца “пакаленнем LAST”, а новае пакаленне ўсё ж вырасце, як пра тое піша спадар Віктар?


Усевалад Сцебурака: Ну, што значыць “няхай”? Я ж у прынцыпе не магу ні забараніць, ні дазволіць, ні ўзяць кагосьці ў пакаленне. На гэты карабель людзі сядаюць на добраахвотнай аснове, я не капітан. Няхай будзе. Проста ў мяне вялікі сумнеў наконт таго, наколькі тыя людзі, што ідуць далей, адчуваюць сябе беларусамі. Не па пашпарце, не па грамадзянстве, не па тым, што яны папляскалі на акцыі. Гэта ўсё добра і слушна. І тое, што яны прыгожыя і разумныя, — таксама. Але рабіць выбарку па студэнтах нейкага добрага ВНУ — гэта не ёсць сур’ёзным сацыялагічным падыходам. Трэба зірнуць на вуліцы, не на асяродкі ў Вільні ці Варшаве, не на невялікі адукаваны асяродак у Мінску, а глабальна. Я таксама выкладаў ва ўніверсітэце шэсць гадоў, але не ў ЕГУ, а ў Тэхналагічным універсітэце, нават на негуманітарных спецыяльнасцях. Выкладаючы гісторыю Беларусі на беларускай мове, я там не бачыў пакалення, якое ідзе. Таму я лічу, што маю права прынамсі так меркаваць. Я не забараняю камусьці станавіцца ім. Зразумейце, што такога кшталту артыкул быў акурат закліканы не толькі сцвердзіць маю думку, але і, магчыма, абудзіць нейкім чынам людзей. Але прабачце, калі дарослы, старэйшы чалавек абараняе пакаленне, якое маўчыць само, то мне падаецца, што спадар Марціновіч належыць да пакалення не FIRST, не ZERO, а ZORRO. Ён хоча абараніць тых, хто сам не абараняецца. Навошта?

Еўрарадыё: Спадар Віктар, сапраўды вашая выбарка ідзе па студэнтах элітнага ўніверсітэта — ЕГУ. Але рэчаіснасць у Мінску і тым больш у рэгіёнах адрозніваецца ад рэчаіснасці ў Вільні. Ці не падаецца вам вашая выбарка выключэннем з правіл?


Віктар Марціновіч: Мне здаецца, што ў рэгіёнах нават больш беларускамоўнай моладзі, чым у Мінску. Па-другое, нават у такіх махровых дзяржаўных вну, як БДУ, як журфак БДУ, мы бачым прыклады студэнтаў, якія прынцыпова з’яўляюцца беларускамоўнымі. Іх за гэта адлічваюць, як Насту Шулейку. Але я не магу вам прывесці прыклад нейкага Васі Пупкіна, які вучыцца на трэцім курсе Педуніверсітэту, бо вы проста яго не ведаеце. Мы заўсёды размаўляем пра выключэнні з правілаў, у гэтым сэнс несацыялагічных высноваў і размоваў. Аднак я хацеў бы падкрэсліць іншае: генерацыя, пра якую з такім пафасам піша спадар Сцебурака, — гэта вузкае кола яго сяброў. У той час, калі гэтая генерацыя нібыта найбольш беларускамоўных і беларускіх людзей слухала Воюша, я не слухаў Воюша. Я ў гэты час слухаў Барыса Грабеншчыкова, Цоя і “Пінк Флойд” і лічыў сябе беларусам. І лічу сябе беларусам. Вы бачыце, я размаўляю на беларускай мове і я прыкладаю вельмі шмат высілкаў для таго, каб валодаць гэтай мовай вельмі добра. Усевалад — таксама выключэнне. Ён пазітыўнае выключэнне, Наста Шулейка — пазітыўнае выключэнне. Увесь сусвет, уся культура будуецца на пазітыўных выключэннях. Да той пары, пакуль такія пазітыўныя выключэнні існуюць, будзе існаваць культура.

Еўрарадыё: Спадар Усевалад, ці не падаецца вам, што зараз інтэрнэт робіцца новай крыніцай беларускасці? Незалежна ад таго, дзе жывуць беларусы, яны сустракаюцца ў беларускамоўнай інтэрнэт-прасторы.


Усевалад Сцебурака: Ёсць класная гульня “Варкрафт”, у якую рубіцца ў свеце дзясятак мільёнаў чалавек. Але гульня ніколі не стане рэчаіснасцю: гномы, оркі, гобліны, эльфы ніколі не з’явяцца на вуліцы ад таго, што людзі 24 гадзіны ў суткі гуляюць. Тое, што ёсць беларускамоўная прастора ў інтэрнэце, — гэта факт. Гэта не плюс і не мінус. Але яна не робіць Беларусь і ніяк не паўплывае на сітуацыю. Ёсць розныя суполкі, можна стварыць марсіянскую суполку і лічыцца марсіянінам, але ад гэтага мы туды не пераселімся. Я лічу, што такое татальнае сыходжанне ў інтэрнэт-прастору, дзе можна быць беларускамоўным, дзе можна падпісацца любым нікам, — гэта гульня. Гульня, якая з часам павінна ці ў нешта перарасці, ці назаўжды застацца гульнёй. Беларусізацыя “ВКонтакте” — гэта камерцыйны крок, каб, можа, раптам кагосьці яшчэ задаволіць. А карысці ці адмоўнага ад гэтага — як ад гульні: гэта прыемна, цікава. Тое, што пакаленне сядзіць у “ВКонтакте” — гэта мінус, таму што віртуальная рэчаіснасць людзей у рэальным жыцці ніяк не змяняе, на жаль.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі