УСУ б'е па расійскіх НПЗ. Ці чакаць удару па Мазыры?

Ці чакаць атакі на Мазыр?

Ці чакаць атакі на Мазыр? / mztmk.by

Украінскі ваенны эксперт, экс-прадстаўнік СБУ Іван Ступак і паліталагіня Роза Турарбекава выказвалі свае думкі ў эфіры Еўрарадыё, чаму Украіна не атакуе нафтаперапрацоўчы завод у Мазыры, які вырабляе паліва для расійскага войска.

Ступак кажа, што Украіна не можа сабе дазволіць стварыць яшчэ адзін пункт напружанасці на карце.

Гэта цяжка зрабіць з пункту гледжання людскіх і тэхнічных рэсурсаў. Мы і так з цяжкасцю стрымліваем расійскае прасоўванне на Усходзе — яны пруць і пруць. Расійскія НПЗ па-ранейшаму падвяргаюцца нашым атакам, як ваенныя аб'екты, так і заводы. А ў Беларусі ёсць міжнародна прызнаная тэрыторыя, і Украіна не прэтэндуе ні на адзін яе сантыметр.

Турарбекава ж называе адным з фактараў, чаму Украіна не б'е па Мазырскім НПЗ — блізкасць да ўкраінскай мяжы. Аднак не лічыць гэта асноўнай прычынай.

Наступствы для рэгіёну могуць быць вельмі значнымі, паколькі шкода будзе падобная да экалагічнай катастрофы. Аднак я не думаю, што гэта галоўная прычына, чаму Ўкраіна не наносіць удары па Мазыры. Магчыма, гэта звязанае і з тым, што з тэрыторыі Беларусі на Украіну больш не ляцяць ракеты.

Турарбекава кажа, што такая зараз стратэгія Украіны ў гэтай вайне.

Мы бачым, вайна зацягваецца, і адкрываць другі фронт даволі блізка да Кіева — зусім не ў іх інтарэсах. Мяркую, рашэнне не наносіць удары — гэта чыста стратэгічны пункт гледжання. А наносіць удары па краіне, якая хоча цябе захапіць, хай гэта будзе Піцер ці гэта будзе Масква, з іх боку цалкам апраўдана.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі