Узнагародзілі беларускую брыгаду грузавога цягніка, які падарвалі на Браншчыне
На месцы дыверсіі / t.me/sskarnaukhov/
Узнагародзілі беларускую брыгаду, цеплавоз якой вясной падарвалі "партызаны" на Браншчыне. Машыніста Віталя Федарцова і яго памочніка Рамана Пузырына адзначылі "за аператыўныя і пісьменныя дзеянні, якія дазволілі мінімізаваць наступствы нестандартнай сітуацыі". Што яны зрабілі? Выкарысталі экстранае тармажэнне — адзіны магчымы варыянт дзеянняў, піша belzhd.site.
Падзякі ўручалі 31 траўня ўрачыста ў лакаматыўным дэпо ў Гомелі. З Мінска прыехалі двое прадстаўнікоў кіраўніцтва Беларускай чыгункі.
Дыверсія на чыгунцы ў Бранскай вобласці РФ адбылася 1 траўня. Быў падарваны грузавы цягнік, які вёз нафтапрадукты і піламатэрыялы. З рэек сышлі двухсекцыйны цеплавоз і пяць вагонаў, узнік пажар. З бакаў цеплавоза выцекла 12 тон дызельнага паліва. Рух цягнікоў на гэтым участку чыгункі прыпынены. Паведамлялася, што беларуская брыгада толькі крыху пацярпела.
Затрымаць "партызан" расійскім сілавікам не ўдалося.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.