Вадзім Гігін застанецца дэканам Філасофскага факультэта БДУ

Вадзім Гігін застанецца дэканам Філасофскага факультэта БДУ

Палітолаг і публіцыст Вадзім Гігін застанецца дэканам Філасофскага факультэта БДУ. Інфармацыю пра гэта Еўрарадыё пацвердзілі ў прэс-службе ўніверсітэта.

“У нас ніякіх кадравых зменаў не было, — зазначаюць у прэс-службе. — У цяперашні час [Вадзім Гігін застаецца] на пасадзе дэкана Факультэта філасофіі і сацыяльных навук”.

Дэканам ФФСН Гігін стаў у 2016 годзе. Сумневы ў тым, што ён захавае пасаду, з’явіліся пасля таго, як тэлеканал АНТ раптоўна закрыў яго ток-шоу “Справа прынцыпа”. Па адной з версіяў, прычынай сталі прарасійскія погляды вядоўцы.

Гігіна аператыўна прыбралі з сайта АНТ, не зважаючы на больш як два гады супрацоўніцтва з тэлеканалам:

Вадзім Гігін застанецца дэканам Філасофскага факультэта БДУ
Скрыншот з сайта АНТ

Вадзім Гігін каментаваць сітуацыю адмовіўся.

“Ток-шоу “Справа прынцыпу” было закрытае, у новым сезоне было прынята рашэнне аб запуску ток-шоу новага фармату з новым вядучым. Таму пакуль Вадзім Гігін як вядучы ток-шоу ў эфіры АНТ не з'явіцца.

Ніякіх прэтэнзій у кіраўніцтва да яго няма. Гэта звычайная справа, калі ў новым сезоне запускаюцца новыя праекты з новымі асобамі.

У свой час роўна так жа ток-шоу “Адкрыты фармат” саступіла сваё месца ток-шоу “Пазіцыя”, а пасля яно “перадало эстафету” праграме “Справа прынцыпу”, — пракаментавала для Еўрарадыё звальненне Вадзіма Гігіна прэс-сакратарка тэлеканала АНТ Святлана Ціханава.

11 верасня ў эфір АНТ выйшла новае грамадска-палітычнае ток-шоў — “Нашае жыццё”. Яго вядучы — Дзмітрый Бачкоў — толькі сёлета перайшоў на АНТ з Белтэлерадыёкампаніі. Ён адразу ж стаў не толькі вядоўцам новага ток-шоу, але і намеснікам старшыні праўлення ЗАТ “Другі нацыянальны канал”.

Вадзім Гігін застанецца дэканам Філасофскага факультэта БДУ
Скрыншот з сайта АНТ

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі