Ваеннага пенсіянера асудзілі на 3 гады калоніі за абразу чыноўнікаў

Гісторыя пачалася з таго, што ў садовым таварыстве адключылі электрычнасць / БЕЛТА
Гісторыя пачалася з таго, што ў садовым таварыстве адключылі электрычнасць / БЕЛТА

У Паставах за абразу чыноўнікаў асудзілі вайсковага пенсіянера, 65-гадовага Сяргея Купрэшына, паведамляюць праваабаронцы. Яго абвінавачвалі паводле двух артыкулаў: "Абраза прадстаўніка ўлады" і "Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў". Мужчына не прызнаў віну ні па адным эпізодзе.

Перадгісторыя такая: у садовым таварыстве, дзе размешчаны дом Купрэшына, адключылі электрычнасць. Чыноўнікі кажуць, што быў доўг. Але пасля таго як доўг быў пагашаны, электрычнасць не вярнулі. Купрэшын звярнуўся ў раённую пракуратуру. Адказу не было. Напісаў у пракуратуру вобласці. Адтуль, па яго словах, атрымаў адказ, які ўразіў яго. Тады пенсіянер напісаў чыноўніку, што той "мярзотнік".

Купрэшын настойваў у судзе, што гэта прымальная лексіка, якую ён кожны дзень чуе з тэлевізара.

Акрамя таго, паводле версіі абвінавачвання, пенсіянер абразіў яшчэ аднаго чыноўніка — першага намесніка старшыні Пастаўскага райвыканкама. Ліст, які пайшоў па электроннай пошце на адрас райвыканкама, "быў накіраваны на фарміраванне негатыўнага вобраза прадстаўніка ўлады. Ліст пачынаўся словам "Лютынскаму" і заканчваўся словамі "ўсё можна".

Трэці эпізод звязаны з захоўваннем пораху. У снежні 2020 года ўчастковы канфіскаваў у Купрэшына паляўнічую стрэльбу. Пасведчанне паляўнічага на той момант было ў сіле. А пра порах у яго тады не спыталі. Але і тут, перакананы Купрэшын, яго віны няма: ён не ўпэўнены, што на захаванне пораху патрэбны нейкі дазвол.

Тым не менш пенсіянера прызналі вінаватым па ўсіх пунктах і прысудзілі да трох гадоў калоніі. Акрамя таго ён павінен выплаціць штраф, маральную кампенсацыю аднаму з пацярпелых і судовыя выдаткі — усяго больш за 4 тысячы рублёў.

"Вы прачыталі такую доўгую абвінаваўчую прамову, а я напісаў усяго толькі пяць слоў: "Ты мярзотнік, адчуваеш, што ты бессмяротны" — нешта такое. Я не лічу, што гэта абраза", — сказаў Купрэшын.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі