Вагнераўцы з ліку асуджаных за мяжу з Расіі не выязджаюць — Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка зноў дапусціў, што вагнераўцы будуць працаваць у якасці інструктараў з беларускімі вайскоўцамі / sb.by
30 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка зноў выказаўся пра вагнераўцаў у Беларусі. Ён паспрабаваў супакоіць беларусаў, якія з трывогай чакаюць прыезду ў нашу краіну наймітаў, якія ваявалі супраць Украіны.
"Кажуць: "Там зэкі". Паслухайце, усе вайскоўцы, якія там былі, асуджаныя, яны ўжо загінулі, на жаль", — заявіў Лукашэнка. І каб не было сумненняў, дадаў, што вагнераўцы з ліку асуджаных за мяжу з Расіі не выязджаюць, бо іх вызвалялі "толькі для расійскага фронту".
Аляксандр Лукашэнка зноў дапусціў, што вагнераўцы будуць працаваць у якасці інструктараў з беларускімі вайскоўцамі, якія не маюць баявога вопыту. У чарговы раз ён сказаў, што не збіраецца ваяваць, але амаль 30 гадоў да вайны рыхтуецца.
"Вось такі несвяточны меседж. На ўсялякі выпадак. Каб вы не перажывалі і не хваляваліся", — сказаў Лукашэнка.
Тым часам краіны ЕС, якія мяжуюць з Беларуссю, а таксама Украіна заклапочаныя з'яўленнем вагнераўцаў у РБ. Чакаюцца правакацыі. У Асіповіцкім раёне ўжо будуецца вялікі вайскова-палявы лагер, дзе могуць размясціць вагнераўцаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.